Газэта "БЕЛАРУС"

Апошні нумар Замовы й паслугі
Halounaja     Krama     Naviny     Kantakty     Bielarus      
БЕЛАРУС 565 за люты 2010 г. 
 

 

Дзень Салідарнасьці

 

   Упершыню ў 2010-м годзе актывісты Беларускага Моладзёвага Руху Амэрыкі правялі 16 студзеня свае акцыі салідарнасьці, якія прайшлі паралельна ў Вашынгтоне ля беларускай амбасады і ў Нью-Ёрку ля будынка ААН. Удзельнікі ўзгадалі суайчыньнікаў, хто палеглі ў змаганьні за вольны беларускі край, і дзякуючы каму існуе сёньня незалежная краіна Беларусь.

   Падтрымаць суайчыньнікаў, якія жывуць на Бацькаўшчыне ў іх імкненьні да сапраўды вольнай і беларускай Беларусі, у якой будуць ведаць беларускія традыцыі, ганарыцца сваёй гісторыяй, шанаваць сваю мову, паважаць чалавечыя правы і рабіць усё магчымае для дабрабыту народe, – мэта гэтай акцыі салідарнасьці.

   Узгадалі на акцыях апошнія падзеі ў Беларусі – знаходжаньне ў турме Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенкі, пазбаўленага волі Арцёма Дубскага, арышт Тараса Сургуна і затрыманьне Сяргея Каваленкі, супраць якога ўзбуджанаz крымінальная справа за ўзьняцьце на навагодняй ялінцы ў Віцебску нацыянальнага бел-чырвона-белага сьцягу, пагрозы журналістцы Ірыне Халіп, выключэньне з БДУ Тацяны Шапуцькі ды выкраданьне лідэраў маладзёвага руху Зьміцера Дашкевіча і Яўгена Афнагеля.

   Нацыянальныя бел-чырвона-белыя сьцягі луналі ў гэты цудоўны зімовы сонечны дзень у Вашынгтоне і ў Нью-Ёрку.

Паводле www.belmov.org

 

 

Калядная ўрачыстасьць у Саўт-Рывэры

 

   У саўт-рывэрскім Беларуска-Амэрыканскім Цэнтры, што стаіць побач з царквой сьв. Эўфрасіньні Полацкай, адбылася 10 студзеня сёлета традыцыйная калядная ўрачыстасьць для дзяцей, бацькоў, дзядоў дый прадзедаў. Сьвяткаваньне было наладжана кіраўніцтвам і сястрыцтвам Сьвята-Эўфрасіньнеўскай царквы з удзелам а. Міхаіла, настацеля прыходу. 

   Заля Цэнтру гула ад сьвяточнай грамады. Была смачная ежа, вясёлая кампанія, цікавая кацэртная праграма. Моладзь і дзеці, што запоўнілі залю, надавалі ўсім бадзёрага настрою. Са сцэны гучэлі калядкі, дэклямацыі, музыка. Вясёлымі калёрамі сьвяціліся народныя строі.

   Перад сцэнай, дзе больш месца, выступілі танцаўніцы ансамблю “Лянок”, якіх падрыхтавала сп-ня Віла Ляўчук (у цэнтры здымка) да грацыёзнага выступленьня. “Лянкі” выканалі ня толькі “Лявоніху”, але й танец мамаў з дочкамі ды нават танец трох пакаленьняў, дэманструючы гэтым пераемнасьць народных традыцыяў.

   А сп. Віктар Тур падрыхтаваў шасьцёрку хлапцоў да выкананьня вясёлага танцу “Шапкі”. Усю канцэртную праграму вяла дынамічная й таленавітая сп-ня Тацьцяна Дзямешчык (стаіць на сцэне).

   Усім было вельмі весела, забаўна й прыемна. Урачыстасьць закончылася прыездам на гучнай пажарнатушыльнай машыне Дзеда Мароза з падарункамі, на якія з затоеным дыханьнем  чакалі дзеці.

Я. З.