Выбары ў ТБК Літвы
У апошнюю суботу студзеня ў Таварыстве Беларускай Культуры Літвы адбылося чарговая імпрэза. Першая прамоўца – госьця зь Менску, намесьніца старшыні ТБМ Алена Анісім. Яна распавяла аб дзейнасьці ТБМ, прэзентавала апошнія нумары газэтаў “Наша слова” і “Новы час”.
Наступным выступіў старшыня ТБК Хведар Нюнька. Ён распавёў аб дзейнасьці ТБК за апошнія два гады. Зроблена шмат: кожную апошнюю суботу месяца традыцыйна ў ТБК праводзіліся імпрэзы, адзначаліся гістарычныя даты, юбілеі, запрашалі гасьцей, адбываліся прэзентацыі фільмаў: “Журналісты” рэжысэра Алега Дашкевіча, “Сэрца за кратамі” Вольгі Мікалайчык, “Тутэйшыя” Тацьцяны Дубавец і іншыя. Трэба адзначыць, што згаданыя фільмы спачатку прэзэнтаваліся ў ТБК Літвы, а пасьля ўжо ў іншых месцах. Рэжысэр Вольга Мікалайчык зьняла фільм і пра дзейнасьць ТБК “Беларускія справы”. Таварыства атрымала, нарэшце, пляц для пабудовы беларускага культурнага цэнтру ў Павільні, дзе жыла жонка Якуба Коласа – вынік дваццацігадовай працы старшыні Хведара Нюнькі. Таварыства мае свой сайт – www.westki.info/tbk, зроблены Алесем Адамковічам. ТБК правяло ІV канфэрэнцыю беларусаў Балтыйскага рэгіёну, прымала ўдзел у працы V Зьезду беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”. Было арганізавана некалькі падарожжаў у Беларусь. Асабліва запомніліся сустрэчы з краяведамі Адай Райчонак, Алесям Белакозам, Уладімерам Скрабатунам. У сваім выступе старшыня закрануў і самую балючую тэму – стан беларускай мовы ў Беларусі, асабліва хвалюе, што ў ВНУ амаль не выкладаюцца дысцыпліны на роднай мове, скарачаецца беларускае школьніцтва.
У іншых выступах адзначалася, што за апошнія 15 гадоў знішчалася ўсё беларускае, адбыўся падзел на “чэсных” і “нячэсных”, перасьледуецца нацыянальная сымболіка, на 500 тыс. скарацілася насельніцтва, зьяжджае моладзь.
Была зробленая справаздача фінансавай дзейнасьці, а затым адбыліся выбары ў Раду, куды былі абраныя 9 чальцоў: Алесь Адамковіч, Алесь Трусаў, Сяргей Карабач, Хведар Нюнька, Васіль Акуневіч, Валера Радзюкевіч,Хрысьціна Балаховіч, Ніна-Барбора Эванс, Вацлаў Гульбіновіч. Старшынёю Рады адзінагалосна абраны сп. Хведар Нюнька. У склад рэвізійнай камісіі ўвайшлі Галіна Кеблічэне, Тацьцяна Скорая і Вера Хамянюк.
Зноў прысутных парадаваў украінскі ансамбаль”Світлиця”, гэтым разам песьні гучалі ў гонар Зьмітра Таўкачова, які ў гэты дзень адзначаў свой дзень нараджэньня, вершы Якуба Коласа чытала Ксенія Мілаш. Пасьля ўрачыстай часткі прысутныя яшчэ доўга не разыходзіліся, за кубкам гарбаты вечарына працягвалася.
Л. МІЛАШ