Газэта "БЕЛАРУС"

Апошні нумар Замовы й паслугі
Halounaja     Krama     Naviny     Kantakty     Bielarus      
БЕЛАРУС 565 за люты 2010 г.
 
Навіны "Беларусь за месяц"

       

Закон пра інтэрнэт

   1 лютага А. Лукашэнка падпісаў указ № 60 “Аб захадах па ўдасканаленьні выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту “сеткі інтэрнэт”. Праўда, цяперашні варыянт лагоднейшы, чым папярэдні, які зьявіўся ў сеціве два месяцы таму. Так, асноўную ролю ў рэгуляваньні нацыянальнага сэгмэнту інтэрнэту цяпер набывае Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры Адміністрацыі прэзыдэнта, які будзе вызначаць пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслугаў, вызначаць пералік апэратараў электрасувязі, што маюць права на пропуск міжнароднага трафіку і далучэньне да сетак электрасувязі замежных дзяржаваў, сумесна зь Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі вызначаць парадак абмежаваньня доступу карыстальнікаў інтэрнэт-паслугаў да інфармацыі, забароненай да распаўсюду ў адпаведнасьці з заканадаўчымі актамі і г. д. Указ, у прыватнасьці, упершыню рэглямэнтуе мэханізм абмежаваньня доступу да інфармацыі па патрабаваньні карыстальніка інтэрнэт-паслугаў.

   Экспэрты адзначаюць, што падводныя камяні ўказу – гэта цьмяныя пункты пра рэгістрацыю сетак і інфармацыйных рэсурсаў – парадак рэгістрацыі будзе вызначаны да 1 траўня. Апроч таго, да 1 ліпеня 2010 году – часу ўступленьня ўказу ў сілу – шмат што можа зьмяняцца.

   Эўразьвяз выказаў заклапочанасьць прыняцьцем гэтага ўказу.

 

Год за кратамі

   8 лютага споўніўся год, як за кратамі знаходзяцца ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч і Ўладзімер Асіпенка (трэйці арыштаваны Юры Лявонаў быў выпушчаны на волю ў жніўні, а пазьней зь яго зьнялі абвінавачваньні). Трох прадпрымальнікаў арыштавала 8 лютага летась спэцгрупа “Алмаз”. Напачатку прадпрымальнікаў абвінавачвалі ў падпале дамоў ваўкавыскага міліцыянта і супрацоўніка падаткавай службы. Потым дадалі і “тэрарызм”: Аўтуховіч, нібыта, рыхтаваў тэракт супраць ужо былога старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанкі і намесьніка міністра па падатках і зборах Віктара Камянко.

   Улетку Аўтуховіч трымаў 90-дзённую галадоўку, страціў амаль усе зубы. Пра Ўладзімера Асіпенку весткі яшчэ скупейшыя. Жонка і дачка Мікалая Аўтуховіча выехалі зь Беларусі, баючыся перасьледу. Выехаў зь Беларусі і Юры Лявонаў.

   Дата суду яшчэ не вядомая, але міністар унутраных справаў паабяцаў, што працэс будзе адкрытым. Праўда, амаль два гады таму міліцыя клялася, што аўтар выбуху на Дзень Рэспублікі будзе знойдзены – і нічога.

 

Кандыдат у прэзыдэнты

   Намер балятавацца ў прэзыдэнты выказаў 35-гадовы палітык Алесь Міхалевіч, пра што ён заявіў падчас прэзэнтацыі сваёй праграмы, што прайшла ў Менску 27 студзеня. Нягледзячы на адносна малады ўзрост А. Міхалевіч у беларускім руху амаль дваццаць гадоў, кіраваў Задзіночаньнем Беларускіх Студэнтаў, у БНФ ад 1993-га. Дарэчы, быў выключаны адтуль экс-кіраўніком арганізацыі Лявонам Баршчэўскім год таму за незалежніцкія паводзіны.

   Міхалевіч мае падтрымку ў рэгіёнах і сярод моладзі і падчас выбараў будзе абапірацца на правацэнтрысцкае дэмакратычнае кола. Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць у студзені 2011 году.

 

Праблемы зь "Сьвятым Валентынам"

   Напачатку меркавалася, што шэсьця на Дзень сьв. Валянтына (14 лютага), якое ладзіцца традыцыйна больш за дзесяць год Маладым Фронтам, ня будзе. МФ, палічыўшы, што вулічныя акцыі на 14 лютага сябе вычарпалі (усё сканчаецца брутальным разгонам з боку міліцыі), вырашыў сёлета 14 лютага зладзіць уручэньне першай нацыянальнай прэміі “Любоў да Беларусі”. Меркавалася, што на ўручэньне прэміі ў менскім гатэлі Crown Plaza запрасяць больш за 300 гасьцей: журналістаў, прадстаўнікоў дыпляматычнага корпусу, дзеячаў культуры і мастацтва Беларусі.

   Але за паўтары тыдні да імпрэзы кіраўніцтва Crown Plaza скасавала дамову на арэнду залі без тлумачэньня прычынаў. Знайсьці за лічаныя дні адпаведную залю – амаль нерэальна. Таму цяпер Малады Фронт перад выбарам: або праводзіць уручэньне прэміі на Сядзібе БНФ, але там ня зьмесьціцца і палова ўсіх запрошаных, або сымбалічныя прэміі ўручыць напярэдадні, а 14 лютага правесьці традыцыйную вулічную акцыю. Дарэчы, 31 студзеня прайшоў устаноўчы зьезд Маладога Фронту, арганізацыя шосты раз падае дакумэнты на рэгістрацыю.

 

Абмежаваньне на піва

   Расьпіцьцё піва ў грамадзкіх месцах будзе забаронена з 23 лютага, што прадугледжваецца адпаведным законам. Устанаўляецца адміністрацыйная адказнасьць за расьпіцьцё слабаалькагольных напіткаў і піва на вуліцах, стадыёнах, скверах, парках, у грамадзкім транспарце і іншых грамадзкіх месцах, акрамя тых, якія прызначаныя для іх ужываньня. Штраф – да 8 базавых велічыняў (на сёньня гэта 280 тыс. руб. ці прыблізна $100).

   Апроч таго прадугледжваецца ўвесьці пакараньне за распіцьцё алькаголю на рабочым месцы. Штраф – ад 1 да 10 базавых велічыняў (35 000 – 350 000 руб.).

 

Беларусаў паменела

   Паводле папярэдніх зьвестак перапісу, колькасьць насельніцтва Беларусі на 14 кастрычніка 2009 году – першы дзень агульнабеларускага перапісу – складала 9 млн 489 тыс. чалавек.

   Такім чынам за дзесяць гадоў, што прайшлі ад часу мінулага перапісу (1999), колькасьць беларусаў скарацілася на 5,5% (556 тыс.). У 1999 г. у Беларусі жыло 10 млн 45 тыс. чалавек.

   Колькасьць насельніцтва зьменшылася ва ўсіх абласьцях краіны, апроч Менску. У Віцебскай вобласьці гэты паказчык скараціўся ажно на 10,6% (146 тыс. чалавек), Магілёўскай — на 119 тыс. (9,8%), Гарадзенскай — на 113 тыс. (9,5%), Менскай — на 137 тыс. (8,8%), Гомельскай — на 105 тыс. (6,8%), Берасьцейскай — на 84 тыс. (5,7%). У Менску колькасьць насельніцтва вырасла на 148 тыс. чалавек (8,8%).

   Мужчын у Беларусі 46,6%, жанчын — 53,4%. У агульнай колькасьці насельніцтва гараджане складаюць 74%, вяскоўцы — 26%. Дзесяць гадоў таму доля вясковага насельніцтва была 31%, гарадзкога — 69%.

   Колькасьць жыхароў 100 тыс. і болей маюць 13 гарадоў Беларусі (у парадку ўбываньня) — Менск, Гомель, Магілёў, Віцебск, Горадня, Берасьце, Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, Пінск, Орша, Мазыр, Салігорск.

   Поўныя зьвесткі перапісу павінны быць апублікаваныя да 1 чэрвеня 2011 года.

 

Прытулак ў Швайцарыі

   У 2009 годзе ў Швайцарыі 76 беларусаў папрасілі палітычнага прытулку. Такія зьвесткі Швайцарскай фэдэральнай службы міграцый. Усяго ў 2009 годзе колькасьць уцекачоў, якія папрасілі прытулку ў краіне, склала 16 тыс. 5 чалавек. Найболей было уцекачоў з Нігерыі – 1 786. З краін былога СССР найболей запытаў з Грузіі – 638, Расеі – 552, Арменіі – 90, ужо потым потым ідуць беларусы.

   Фэдэральная служба іміграцый станоўча вырашае прыкладна толькі кожнае шостае хадайніцтва (15%).

 

Абсалютна несвабодныя

   У рэйтынгу эканамічнай свабоды амэрыканскага інстытуту The Heritage Foundation Беларусь трапіла ў групу абсалютна несвабодных краінаў. У штогадовым дакладзе Беларусь займае 150-е месца з 183.

   У дзясятку “эканамічна свабодных” трапілі Ганконг, Сінгапур, Аўстралія, Новая Зэляндыя, Ірляндыя, Швайцарыя, Канада, ЗША, Данія, Чылі.

 

“Беларусы ў Аргентыне”

   У бібліятэчцы ЗБС “Бацькаўшчына” выйшла кніга Сяргея Шабельцава “Беларусы ў Аргентыне: грамадзкая дзейнасьць і рээміграцыя ў СССР (1930– 1960-я гг.): зборнік дакумэнтаў і ўспамінаў”. Гэта ўжо 17-я кніга сэрыі. У ёй зьмешчаныя дакумэнты і ўспаміны пра беларускую дыяспару ў Аргентыне, а таксама пра рээмігрантаў, якія пераехалі з гэтай краіны ў СССР у 1950-я гады.

   Кніга стала першай спробай сыстэматызацыі матэрыялаў, прысьвечаных прысутнасьці нашых суайчыньнікаў у Аргентыне.

   “Аргентынская беларуская дыяспара адрозьніваецца ад дыяспараў у іншых краінах найперш сваёй ідэйнай скіраванасьцю, пракамуністычным характарам, — зазначае рэдактар кнігі Натальля Гардзіенка. — І гэта сваеасаблівы феномэн у беларускім жыцьці на Захадзе”.

 

Супернікі па Эўра-2012

   7 лютага ў Варшаве прайшло лёсаваньне адборачных групаў па чэмпіянату Эўропы – 2012 па футболу. Усяго былі створаныя дзевяць адборачных групаў: шэсьць па шэсьць зборных і тры па пяць зборных. Зборная Беларусі згуляе ў адной групе са зборнымі Францыі, Румыніі, Босьніі, Альбаніі і Люксэмбургу.

   Напрамую ў фінальную стадыю, у якой возьмуць удзел 16 камандаў (зборныя Польшчы й Украіны трапілі аўтаматычна, як гаспадыні турніру), выходзяць пераможцы групаў, а таксама лепшая з камандаў, што зоймуць другія месцы (9+1). Астатнія чатыры вакантныя пуцёўкі разыграюць у стыкавых матчах астатнія восем зборных, што занялі ў сваіх групах 2-я месцы.

   Чэмпіянат Эўропы па футболу пройдзе ў 2012 годзе ў Польшчы і ва Ўкраіне. Галоўны трэнер беларускай зборнай Бэрнд Штанге, яшчэ перад самім лёсаваньнем заявіў, што незалежна ад складу групы задача-максімум выйсьці на чэмпіянат, задача-мінімум – трапіць у стыкавыя матчы.

Уласны карэспандэнт