Газэта "БЕЛАРУС"

Апошні нумар Замовы й паслугі
Halounaja     Krama     Naviny     Kantakty     Bielarus      

БЕЛАРУС 563-564

за сьнежань 2009 г. - студзень 2010 г.

 

Угодкі Слуцкага Збройнага Чыну ў сьвеце

ВЯЛІКАБРЫТАНІЯ

   У памешканьні беларускага культурна-рэлігійнага цэнтру ў Лёндане 28 лістапада адбылося традыцыйнае ўшанаваньне памяці Слуцкіх паўстанцаў.

   Была адслужаная паніхіда памяці ўсіх пагінулых за незалежнасьць Беларусі. Пасьля гэтага адбылося паседжаньне, заслуханыя выступы, вершы, прысьвечаныя Слуцкаму Збройнаму Чыну. Старое пакаленьне беларускай дыяспары падзялілася ўспамінамі пра сваіх бацькоў, якія бралі ўдзел у Збройным Чыне. Выступілі госьці – грэка-каталіцкія сьвятары зь Беларусі.

Аляксандар ЧАЙЧЫЦ

 

ЛЕТУВА

   Традыцыйная сустрэча, прысьвечаная 89-м угодкам Слуцкага паўстаньня, а таксама знакамітым асобам, якія нарадзіліся ці памёрлі ў гэтым месяцы адбылася 28 лістапада 2009 году ў Таварыстве Беларускай Культуры ў Вільні.

   Распачаў сустрэчу старшыня ТБК Хведар Нюнька са звароту Старшыні Рады БНР у сувязі з угодкамі Слуцкага Збройнага Чыну. Старшыня Рады БНР зьвярнулася таксама да беларусаў на Бацькаўшчыне з заклікам адведаць 27-га лістапада магілы герояў.

   Імпрэзу працягнула мастачка Крыстына Балаховіч, якая пазнаёміла з зваротам беларускай дыяспары да кіраўніцтва летувіскага тэлебачаньня з нагоды праблемаў беларускай праграмы “Віленскі сшытак”. Спн. Балаховіч таксама распавяла пра выдатнага беларускага мастака Пётру Сергіевіча.

   Малады грамадзкі дзеяч зь Вільні Зьміцер Талкачоў распавёў пра чыннасьць Вацлава Ластоўскага.

   Потым сп. Нюнька, распавёў пра жыцьцё і дзейнасьць дзеяча беларускай эміграцыі ў ЗША Сяргея Карніловіча.

   Напрыканцы імпрэзы студэнт ЭГУ Юрась Юркевіч прадставіў для першага прагляду дакумэнтальны фільм “Булак-Балаховіч. Генэрал нескончанай вайны”. Стужка цікавая для беларускага гледача тым, што ў ёй, бадай упершыню, візуальна паказаная гісторыя Асобнага Атраду БНР і Беларускай Саюзьніцкай (народнай) Арміі.

Паводле інфармацыі Юрася ЮРКЕВІЧА

 

НЬЮ-ДЖЭРЗІ

   На беларускіх могілках у Іст-Брансўіку, Нью-Джэрзі,  ля помніка палеглым змагарам за свабодную Беларусь 28 лістапада адбылася паніхіда. Помн ік быў усталяваны ў 1972-м годзе Згуртаваньнем Беларускіх Вэтэранаў у гонар загінулых герояў, якія “памерлі за тое, каб жыла Беларусь”. Сп. Лявон Шурак, вэтэран Карэйскай вайны і сябра колішняй вэтэранскай арганізацыі, усклаў вянок. Над галовамі тых, хто прыйшлі ўшанаваць памяць герояў луналі бел-чырвона-белыя нацыянальныя сьцягі, пад якімі за ўтварэньне БНР у 1920-м годзе змагаліся супраць бальшавікоў беларускія патрыёты.

   Паніхіду адправілі япіскап Наваградзкі і Паўночна-Амэрыканскі Сьвятаслаў і пратаярэй Зінові.

   У гэты-ж дзень крыху пазьней у грамадзкай залі царквы Жыровіцкае Божае Маці ў Гайлэнд-Парку працягнуліся ўрачыстасьць з нагоды Слуцкага Збройнага Чыну. Быў зачытаны зварот  Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіла. Беларускі Музэй у Нью-Ёрку адкрыў выставу “Мастацтва супраць дыктатуры”. Пра беларускіх змагароў казалі старшыня Нью-Джэрзійскага аддзелу БАЗА Юрка Азарка і беларускі мастак Алесь Шатэрнік.

   Жаданьне мець сапраўды беларускую ўладу, якая будзе дбаць пра краіну, яе культуру і народ, шанаваць гісторыю – гэта тое, што аб’ядноўвае нас зь беларусамі часоў Слуцкага Збройнага Чыну.

Паводле belmov.org

 

ЭСТОНIЯ

   У Тарту 27 лістапада адзначылі 89-я угодкі Слуцкага Збройнага Чыну. Папаўдні на Ратушным пляцы маладыя беларусы раздавалі жыхарам гораду буклеты, у якіх распавядалася аб паўстаньні жыхароў Случчыны супраць савецкай улады за ўсталяваньне ўлады БНР. Таксама раздаваліся дыскі з фільмам “Містэрыі: акупацыя”, як прыклад таго, што адбылося зь Беларуссю з-за таго, што паўстаньне атрымала паразу.

   Пазьней ля Тартускай абсэрваторыі былі запаленыя сьвечкі ў памяць аб загінулых змагарах за волю Беларусі, а таксама па даручэньні Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілла быў зачытана яе зварот. 

   “Распаўсюджана меркаваньне, што ў БНР не было свайго войска. Але няўжо 10 тысяч салдатаў і афіцэраў, якія ваявалі за Беларусь, гэта ня войска? Шматлікія войскі сучасных краінаў меншыя войска БНР у 2-3 разы. Таму можна казаць, што БНР, як дзяржава адбылося ва ўсіх адносінах. А для нас Слуцкі Збройны Чын зьяўляецца прыкладам таго, што свабода ніколі не давалася проста так і што за яе трэба змагацца толькі сваімі сіламі. Бо мужных герояў у 1920 годзе не падтрымліваў ніхто, акрамя беларускага народу”, – адзначыў арганізатар імпрэзы Ігар Случак.

Паводле Радыё Свабода