Газэта "БЕЛАРУС"

Апошні нумар Замовы й паслугі
Halounaja     Krama     Naviny     Kantakty     Bielarus      
БЕЛАРУС № 565 за люты 2010 г.
   
   

Мы знойдзем наш Грааль у Беларусі

 

   Важнай падзеяй у беларускім жыцьці ў Нью-Ёрку сталася прэзэнтацыя кнігі “Парсіваль”, якую выдаў Зянон Пазьняк. Прыемна і сымбалічна, што гэтая добрая падзея адбылася 20 сьнежня 2009 г. напярэдадні вялікага сьвята – Божага нараджэньня.

   За апошнія гады Зянон Пазьняк выдаў 12 кніжак у сваім выдавецтве “Беларускія Ведамасьці” (у тым ліку “Дарогу”, “Вялікае Княства”, “Нацыянальныя каштоўнасьці”, кнігу С. Навумчыка “Сем гадоў Адраджэньня...”, Галіны Пазьняк “Беларусь ў сэрцы”, “Гутаркі з Антонам Шукелойцем” і інш.). І кожную кніжку ён робіць сам: прадумвае канцэпцыю, стварае макет і мастацкае афармленьне сваіх выданьняў. “Кніга, – заўсёды падкрэсьлівае Зянон Пазьняк, – гэта ёсьць твор мастацтва, гэтаксама, як скульптура, жывапісная карціна і г. д. Той, хто стварае кнігу, – павінен раскрыць сутнасьць літаратурнага твору і ўзмацніць ягонае ўспрыняцьце. Твор піша аўтар, а кнігу стварае – мастак. Ствараючы кнігу, мастак выяўляе таксама сябе.” 

   “Парсіваль” – гэта рыцарская легенда, твор, прасякнуты рэлігійнымі матывамі, і таму за часы бальшавікоў, якія змагаліся з рэлігіяй, ня мог быць перакладзены. Між тым гэта вельмі старажытная легенда, якая даўно вядомая ў эўрапейскай і сусьветнай культуры, твор, які быў перакладзены на ўсе эўрапейскія мовы. Гэта легенда пра чалавека, які шукае “сьветлы сэнс жыцьця”, шукае Грааль – сьвятую чашу, сьвятое начыньне, зь якога (па легендзе) піў Хрыстос падчас апошняй вячэры перад укрыжаваньнем, і якую цудам захавалі апосталы, што сядзелі з Хрыстом за сталом. Чаша валодае магічнымі ўласьцівасьцямі (дапамагае чалавеку ў жыцьці, дапамагае наблізіцца да духоўнага ідэалу – убачыць Бога). Адначасна Грааль ёсьць і нечым няўлоўным, духоўным ідэалам, да якога імкнецца чалавецтва.

   Па легендзе, Грааль знаходзіцца ў валоданьні рыцараў Грааля, якія яго берагуць. І чалавек, які дасягае Грааля, асягае шчасьце, духоўнае і чалавечае. “Сутнасьць Грааля ў тым, каб чалавек у сваім жыцьці імкнуўся ўдасканаліцца, маючы сьветлую мэту – асягнуць жыцьцё вечнае, што вымагае пэўнага шляху, – зазначыў Зянон Пазьняк. – Такі шлях пошуку духоўнага ідэалу нарадзіла хрысьціянства. Па гэтым шляху разьвівалася эўрапейская культура (адпаведна і беларуская).”

   Зянон Пазьняк паведаміў слухачам, якія сабраліся ў грамадзкай залі царквы сьв. Кірылы Тураўскага, што марыў выдаць “Парсіваля” даўно. Ён распавёў гісторыю выданьня знакамітай легенды: “Калі ў 1944 годзе нашая інтэлігенцыя апынулася на Захадзе, уцякаючы ад бальшавікоў, і жыла ў лягерох для ўцекачоў у розных зонах, то жыць было вельмі цяжка. Тым ня менш, у гэтых лягерох бурліла культурнае жыцьцё. І вось у лягеры Ватэнштэт у Нямеччыне беларускім дзеячом Леанідам Галяком быў зроблены пераклад “Парсіваля” зь нямецкай мовы і выдадзены маленькім накладам (на ратапрынце) Янкам Сурвілам.

   Гэтую кнігу з пажаўцелымі ад часу старонкамі я знайшоў у 1996 годзе у запыленай шафе ў беларускай царкве ў Нью-Ёрку, зрабіў ксэраксы. Беларусы старэйшага пакаленьня наракалі, што пераклад ня быў належна апрацаваны, адчуваўся падрадкоўнік, неахайнасьць у мове. Таму тэкст быў мною папраўлены адпаведным чынам, але вельмі ашчадна, каб захаваць характэрныя рысы  мовы перакладчыка.”

   Упершыню З. Пазьняк выдаў пераклад “Парсіваля” ў “Беларускіх Ведамасьцях” у 2001 г. “Але, – як паведаміў выдавец, – мне вельмі хацелася выдаць “Парсіваля” асобным выданьнем, бо гэта гонар любой літаратуры – мець такі твор, які паўплываў на ўсю Эўропу і стаў зьявай эўрапейскай культуры. Інтэлектуальная Эўропа разьвівалася на гэтых ідэях. І сам гэты твор, калі ён быў створаны, таксама паказваў узровень ідэй тагачаснай Эўропы.

   На мой погляд, ён павінен быў быць абавязкова перакладзены ў нашай літаратуры і выдадзены кніжачкай. Я вельмі ўсьцешаны, што ўдалося гэтую кніжачку выдаць. Яна зроблена спэцыяльна маленькім фарматам, разьлічана больш на моладзь, каб можна было пакласьці ў кішэню і чытаць у любым месцы.” 

   У гэтым творы Зянон Пазьняк выкарыстаў падборку ілюстрацыйнага матэрыялу (гістарычнага і свае ўласныя здымкі). Выданьне зроблена канцэптуальна. На ілюстрацыях-габэленах мы бачым караля Артура і ягонае войска. Далей фатаграфія – уваход у браму як-бы адпавядае нашаму “ўваходу” ў гэтую кнігу. З. Пазьняк тлумачыць, як кніга разьвіваецца пазнаваўча і тэматычна. “Уваходзячы” ў кнігу, мы бачым Парсіваля, які наглядае Грааль. І далей ідзе разьвіцьцё ідэі праз ілюстрацыі, кожная зь іх – невыпадковая, яе памеры, і нават шрыфты. Усё гэта падбіраецца, каб яно адпавядала твору, ўплывала падсьведама на ўспрыняцьце сюжэту.”

   На гэтай прэзэнтацыі шмат гаварылася таксама аб творы, аб ягоным зьмесьце, аб Парсівалі – маладым юнаку, які мае жыцьцёвае пакліканьне. Па легендзе, ён вырас у такіх умовах, дзе ня меў ніякага сацыяльнага жыцьця. Ягоная маці, каралева Герцаляіда, вырашыла выхаваць сына так, каб ён нічога ня ведаў пра рыцарскае існаваньне, каб ён ня стаў рыцарам. Але Парсіваль даведваецца пра рыцараў, пытае ў маці, што такое Бог. Ён хоча служыць Богу і ня ведае, як гэта зрабіць.

   “Адно з сьведчаньняў гэтага твору, – зазначыў З. Пазьняк, – героі легенды не ілгуць адзін аднаму. І як-бы ні хацела схаваць праўду Герцаляіда ад сына, яна ня можа сказаць сыну няпраўду, калі сын наўпрост пытаецца ў яе, ці гэта дрэнна быць рыцарам. Бо сын яе павінен вырасьці чалавекам маральным. І яна адказвае сумленна, нягледзячы на тое, што яе адказ руйнуе ўсю яе “канцэпцыю” выхаваньня сына (прывязаньня яго да сябе). Яна ня можа супроцьстаяць лёсу сына, калі яго кліча Бог. І Парсіваль едзе ў сьвет шукаць Бога, каб стаць рыцарам.”

   У гаворцы Зянон Пазьняк прыводзіў некаторыя цытаты, у якіх канцэнтравана выяўленыя філязофскія думкі-погляды на асаблівасьць мацярынскай любові, рабіліся праекцыі ў філязофскія канцэпцыі Эрыха Фрома, Фрoйда, крыніцай высноваў якіх былі старажытныя ідэі. Цытаваліся філязофскія разважаньні, напісаныя каля 800 гадоў таму, якія пацьвярджаюць думку, што прырода чалавека і чалавечых адносінаў не зьмяніліся. Іх сутнасьць засталася тая-ж, што і сотні гадаў таму.        

   “З аднаго боку “Парсіваль” – гэта легенда, – працягваў гаворку З. Пазьняк, – з другога боку, твор мае рысы сучаснай літаратуры, дзе паказана разьвіцьцё вобразу. Парсіваль пачынаў шлях да Грааля з таго, што ня ведаў акаляючага сьвету, не арыентаваўся ў ім, і зь яго ўсе сьмяяліся. Ён быў, як блазен, але ў яго была сьветлая чыстая душа, у яго былі закладзеныя ўяўленьні аб гонары, аб справядлівасьці. І гэта дало яму магчымасьць разьвіцца. Ён стаў справядлівым чалавекам, перамог свой эгаізм, сваю маладую дурноту, здолеў вучыцца на сваіх памылках і на сваім вопыце. Усё гэта паказана ў творы. І мы гэта ўспрымаем  прыхільна, бо ў кожным з нас ёсьць частка Парсіваля. Кожны з нас сустракаецца з сытуацыямі, якія мы вырашаем у падсьведамасьці, і толькі потым асэнсоўваем, што мы зрабілі. І ў гэтай легендзе мы бачым ня толькі разьвіцьцё сюжэту, але разьвіцьцё душы чалавека па шляху да ідэалу, да Бога.

   У творы ёсьць два пачаткі. Адзін – гэта Парсіваль, які жыцьцё прысьвяціў пошуку ідэала, удасканаленьню самога сябе ў дасягненьні Бога. І ў гэтым ёсьць яго сутнасьць. Гэтым ён жыве. 

   Другі пачатак зьвязаны з іншым тыпам людзей, прыстойных ва ўсіх адносінах, сумленных, працавітых, якія карыстаюцца павагай, але іхны жыцьцёвы ідэал іншы. Яны дасягаюць багацьця, становішча ў грамадзтве, карыстаюцца павагай, бо жывуць і дзейнічаюць па справядлівасьці. І ў гэтым ёсьць сутнасьць іхнага існаваньня. Такі ёсьць рыцар Гаван. Гэта сьмелы рыцар, ён хацеў дапамагчы Парсівалю знайсьці Грааль. Яго не асуджае легенда (як было ў савецкай літаратуры). Рыцар Гаван змагаўся за дабро і справядлівасьць, ставіў іншыя мэты і, будучы сьмелым і высакародным, дасягаў іх. Ён змагаўся з духамі, якія былі ў зачараваным замку, і перамог іх, ахвяруючыся дзеля людзей.

   І калі Гаван перамог злых духаў, вызваліў жанчын, якія былі там нявольніцамі, ён дасягнуў свайго каханьня і шчасьця, як ўзнагароду за подзьвігі. Гаван жыў у гэтым замку, надзвычай прыгожым і багатым. І жонка ў яго прыгожая, і багацьця поўна. Ён прапануе Парсівалю жыць там разам, у замку.

   Але Парсіваль шукае іншых рэчаў, ён не знаходзіць у матэрыяльнай велічы і багацьці дастатковага задавальненьня... Яму гэта не прыносіць радасьці. (І такіх людзей мы ведаем усьцяж, якія жывуць дзеля ідэі, дзеля Беларусі, дзеля справы, і якім гэтае багацьце (якому радуецца іншы) – ня ёсьць каштоўнасьць. Тут адлюстраваны падзел ў прыродзе чалавека. Тут вечны канфлікт – якая ідэалёгія, якая сацыяльная група бярэ верх. Яна тады свае ідэі скіроўвае на ўсіх астатніх.

   Мы маем цяпер цёмнага ўзурпатара ўлады ў нашай краіне і разумеем, якія антыкаштоўнасьці ідуць адтуль, бачым, што вырастае шмат людзей, галоўная мэта якіх – як уладкавацца ў жыцьці, мець болей грошай. Яны нават ня чулі пра тое, што ёсьць рэчы, перад якімі ўсе гэтыя каштоўнасьці – проста попел. 

Гэты твор паказвае, што ідэал вось тут, побач, і да яго трэба імкнуцца. Такія людзі і такія вобразы павінны быць “настаўнікамі жыцьця”, на іх трэба кіравацца. Гэта ёсьць вышэйшае: чалавек, які імкнецца да вечнага, да ідэальнага, да Бога.

   Вось такія сэнсавыя дыялёгі, карціны, моманты ёсьць па ўсім творы. Цікавыя разважаньні пра сутнасьць каханьня да жанчыны, пра прызначэньне жанчыны, пра адносіны да грамадзкай справы. І гэта ўсё – у кароткіх дыялёгах, якія ўспрымаюцца натуральна, але па сутнасьці яны зьмястоўна распрацаваныя.

   Здавалася-б, на першы погляд, такая тыповая сярэднявечная легенда, а чаму яна зрабіла такі ўплыў на эўрапейскую культуру? 800 гадоў таму – а да гэтага вобразу (Парсіваля) увесь час зьвяртаюцца мастакі, музыканты, іншыя творцы. Бо ў ім закладзена чалавечая мудрасьць, прытым – у простых рэчах, зь якімі пастаянна спатыкаюцца людзі ў сваім жыцьці. І чалавек, нават калі не здае сабе справы, ён гэтыя пытаньні пастаянна вырашае ў сутыкненьні з рэчаіснасьцю. Тут, у гэтым творы, паказана як бы пуцяводная зорка, дадзеныя крытэры дабра, падказаны накірунак – што ёсьць ідэалам.

   Парсіваль знайшоў замак Мантсальвач, ён прышоў туды. Вынесьлі Грааль – ён трошачкі сьвяціўся. Парсіваль бачыць дзіўныя рэчы: усе сумныя, маўчаць. І ён не задаў ні аднаго пытаньня, не пацікавіўся, што за бяда ў гэтых людзей, каб дапамагчы. Пераначаваў у тым замку і паехаў. І тады яму сказалі: ”Будзь ты пракляты, ты ніколі ня знойдзеш супакою, у цябе ачарсьцьвела сэрца.” Ён павінен быў выратаваць іх, адрадзіць Грааль – а ён не задаў пытаньняў.

   Каб вярнуць сілу Грааля, павінен зьявіцца чалавек, які раскрые сваё сэрца, каб дапамагчы, які прыйдзе ў замак, знойдзе сам дарогу і спытае: “Што з вамі здарылася, чаму вы такія сумныя?”

   Чаму гэтакія творы чытаюцца з такой прыемнасьцю? Бо ўсё, што тут адбываецца, усе дыялёгі, усе дачыненьні – сьветлыя. Гэтая сфэра як бы ўсёпаглынаючага дабра. Адначасна вельмі канкрэтнае жыцьцё, сярэднявечнае, жорсткае, з рыцарскай разьнёй, з страшнымі забойчымі сцэнамі. І  тым ня менш – гэта твор сьветлага духу. Вось у чым галоўная прычына ўплыву легендарнага вобразу Парсіваля і ўсяго твору на эўрапейскую культуру.

   З пункту гледжаньня літаратуры, з гледзішча ідэй і ўплыву на сьведамасьць людзей, я лічу, што гэты харошы твор актуальны. Ён шмат дае ўважліваму чытачу, ня кажучы пра тое, што мае займальны сюжэт, дзеяньне энэргічна разьвіваецца, добра пабудаваныя дыялёгі. Па ім трэба здымаць фільмы (і фільмы робяцца на Захадзе). Думаю, што з цягам часу і ў Беларусі зробіцца фільм пра беларускага Парсіваля”, – падсумаваў З. Пазьняк.

   Зь вялікім зацікаўленьнем ішло абмеркаваньне новага выданьня. Паважаны ў беларускай дыяспары сп. Антон Шукелойць падкрэсьліў актуальнасьць гэтага твора для выхаваньня рыцарскага духу ў сучаснай беларускай моладзі. Ён адзначыў: “Выданьне “Парсіваля” зробленае  своечасова, калі гэтакая кніжка для нас, беларусаў, асабліва патрэбная. Нягледзячы на 800-гадовы “ўзрост”, актуальнасьць твора ня страцілася.”

   З прыўзьнятым настроем, з добрымі думкамі яшчэ доўга беларусы не разыходзіліся – размаўлялі, усьміхаліся, выказвалі меркаваньні. Добрае думаньне і размова аб сьветлым адчыняе лепшае ў душы чалавека. Добрая літаратура ў беларускай мове і беларускай форме – найлепшае таму спрыяньне.

Марыля ЯКУШЭВІЧ