Газэта "БЕЛАРУС"

Апошні нумар Замовы й паслугі
Halounaja     Krama     Naviny     Kantakty     Bielarus      
 БЕЛАРУС 565 за люты 2010 г. 

   

 

Пераход беларуса зь Сібіры ў Індыю

 

   У газэце “Беларус” № 534 ад ліпеня 2007 году была зьмешчаная рэцэнзія на кнігу “The Long Wolk” (“Доўгі пераход”) нашага земляка зь Пінску Славаміра Равіча аб ягоным “пераходзе” зь лягеру ў Сібіры ў Індыю. Думалася, што гэта будзе і канец такіх неверагодных чынаў. Аднак зноў чуем весткі аб уцёках вязьняў па той-жа дарозе.

   Аказваецца, яшчэ адзін наш зямляк Вітольд Гліньскі з Глыбоччыны таксама ўцёк, паводле ягоных словаў, са сталінскага лягеру, каб пешшу дайсьці аж да Індыі. Сваю вэрсію ўцёкаў В. Гліньскі распавёў ангельскаму журналісту Джону Дайсану (John Dyson), які зьмясьціў адпаведны артыкул у часапісе “Readers Digest” у траўні 2009 году. Артыкул мае назву “The Real Long Wolk” (Сапраўды доўгі пераход”).

   Паводле артыкула, Саветы арыштавалі 17-гадовага Вітольда з маці, братам і сястрою, пасадзілі ў таварны вагон і адправілі на Ўсход. Гэта было, напэўна, у 1940 годзе. Вітольд быў потым адлучаны ад сям’і і апынуўся на маскоўскай Лубянцы. Прысудзілі 25 гадоў цяжкай працы ў Сібіры.

   Працаваў лесарубам каля Якуцку. Адразу пачаў плянаваць уцёкі. У лягернай майстэрні зрабіў неабходныя прылады, якія маглі-б спатрэбіцца яму ў дарозе, а сякеру і нож даўжынёй аж 46 см ён насіў пры сабе. У лютым 1941 году направіў радыё для жонкі камэнданта лягеру, за што атрымаў ад яе вопрадку і боты, якія прыдаліся яму падчас доўгага пераходу.

   Зь лягеру ўцякло разам з Гліньскім дзевяць асобаў, але адзін хутка вярнуўся назад. Потым прапаў яшчэ адзін хваравіты маладзён, які ня мог даць рады доўгай дарозе. Так у групе засталося сем чалавек: Гліньскі, амэрыканскі інжынэр Сьміт, Заро (харват?), Бацько (родам з Польшчы), два польскія афіцэры-капітаны і адзін польскі сэржант. Дайшлі яны да возера Байкал, дзе спаткалі польку Крыстыну, якую прынялі ў сваю групу. Пасьля Байкалу перайшлі савецка-мангольскую мяжу. Так як іхняю мэтаю была Індыя, то трэба было яшчэ перайсьці пустыню Гобі, Тыбет і Гімалаі.

   У Манголіі памерла ад гангрэны Крыстына, а потым, ужо ў Тыбеце, ад цынгі і перамучанага сэрца афіцэры-капітаны. Загінуў таксама польскі сэржант – зваліўся ў бездань.

   Падчас сваёй доўгай дарогі карміліся рознымі расьлінамі, дзічынай і нават... вужамі. Спатыкалі дабразычлівых людзей, якія дапамагалі ім, падказвалі як лепш выжыць у тых далёкіх і няведамых краёх.

   У студзені 1942 году Гліньскі са сваімі сябрамі, за 11 месяцаў прайшоўшы 6400 км, дайшлі да Індыі, дзе спаткалі ангельскага афіцэра. З Індыі ўжо адзін Гліньскі паехаў у Тэгеран, дзе ўступіў у Польскае войска. Потым праз Блізкі Ўсход, Паўднёвую Афрыку прыбыў у Шкотыю ў кастрычніку 1943 году. У 1944 годзе браў удзел у высадцы аліянтаў у Францыі і ў баёх зь Нямеччынай. У 1949 годзе ажаніўся з ангелькай. Цяпер жыве ў Англіі.

   У Лёндане Гліньскага доўга дапытвалі аб ягоных уцёках польскія афіцэры, і ў польскіх архівах там павінны быць матэрыялы гэтых допытаў.

   Аповед Гліньскага аб уцёках зь лягеру ў Індыю вельмі падобны да гісторыі Славаміра Русецкага. Гліньскі ведаў аб кнізе “Доўгі пераход” С. Русецкага і падазрае, што той прачытаў ягоны аповед у польскай амбасадзе ў Лёндане і потым падаў яе як сваю, выдаўшы ў Англіі кнігу кнігу. Чаму-ж тады Гліньскі маўчаў аб сваім падарожжы і не вінаваціў аўтара ў крадзяжы яшчэ пры ягоным жыцьці? Ён гэта цяпер тлумачыць тым, па словах ягоных дзяцей, што па вайне ён распачаў новае жыцьцё: вайна для яго была вельмі цяжкай, і ён не хацеў пра яе ўспамінаць.

   Такім чынам маем ужо двух ураджэнцаў Беларусі, якія, згодна іхных аповедау, уцяклі з савецкіх лягероў у Сібіры, каб пешшу дайсьці да Індыі.

Міхась ШВЭДЗЮК, Англія