Газэта "БЕЛАРУС"

Апошні нумар Замовы й паслугі
Halounaja     Krama     Naviny     Kantakty     Bielarus      

БЕЛАРУС 565 за люты 2010 г.

 

   

Сьв. пам. Антон МАРКЕВІЧ

(14.10.1925 – 09.11.2009)

 

   У Канадзе, у Ашаве (Oshawa) на 85-м годзе жыцьця памёр беларускі грамадзкі дзеяч Антон Маркевіч. Памёр ён у лістападзе летась, але пра гэта стала вядома толькі нядаўна.

   Антон Маркевіч нарадзіўся ў Горадні. Ад 1944 году – на эміграцыі. Дзевяць гадоў (1946 – 1955) пражыў у Мюнхэне. Хоць у гэтым горадзе было нямала беларускіх дзеячоў – усяго ў Нямеччыне пасьля эміграцый-рэпатрыяцый у іншыя краіны, напачатку 1950-х засталіся каля 2 тыс. сьвядомых беларусаў – Маркевіч удзелу ў грамадзкім жыцьці ня браў.

   З галавой кінуўся ў вір беларускага жыцьця пасьля таго, як у 1955 годзе перабраўся ў Канаду, у Таронта.

   Напачатку ў Таронта Маркевіч нікога ня ведаў, прыехаў на запросіны знаёмага ўкраінца. Ён згадваў, што выпадкова натрапіў на дом з адрасам 1 000 Dandas str., “дзе, згодна шыльдзе месьцілася Згуртаваньне Беларусаў Канады (ЗБК) і парафія сьв. Кірылы Тураўскага. Вось туды я з радасьцю і ўваліўся! Праз кароткі час я быў абраны сакратаром ЗБК, а ў 1958 г. быў абраны старшынём Галоўнай Управы”.

   Маркевіч прыехаў у Канаду ўжо пасьля расколу беларусаў на два супрацьлеглыя лягеры – ЗБК і Беларускае Нацыянальнае Аб’яднаньне – і быў свабодны ад ідэалягічна догмаў. Менавіта ў 1958 г. ЗБК і БНА зладзілі першае супольнае грамадзкае сьвяткаваньне – гэта былі ўгодкі Слуцкага Збройнага Чыну.

   Потым Антон Маркевіч доўгі час быў сакратаром ЗБК, браў чынны ўдзел у працы згаданай вышэй праваслаўнай парафіі.

   Антона Маркевіча цікавіла выдавецкая справа. Разам з Кастусём Акулам ён заснаваў выдавецка-мастацкі клюб “Пагоня”. Сярод іншага, сябры клюбу рабілі значкі з Пагоняй ды пярсьцёнкі. Залатымі і срэбранымі значкамі ганаравалі вядомых беларусаў за ўнёсак у грамадзкую і культурную працу. Сярод узнагароджаных – Івонка і Янка Сурвіллы, фотамастак зь Менску Анатоль Кляшчук ды палітык Зянон Пазьняк.

   Маркевіч быў карэспандэнтам “Беларуса”. Пісаў пра жыцьцё канадыйскіх беларусаў пад імём Хвядос Прылепскі, ці крыпта-псэўданімам А—віч.

   У 1963 г. у складзе “Беларуса” – за рэдактарствам Станіслава Станкевіча – зьявілася старонка “Весткі з Канады”, і Антон Маркевіч поруч з Кастусём Акулам, крыху пазней да іх далучыўся Барыс Рагуля, арганізавалі “канадыйскую” рэдакцыю. Праўда, праз некалькі год праз унутраныя спрэчкі і непаразуменні зь Нью-Ёркам Маркевіч кінуў тое рэдактарства.

   У 1965 годзе ён, жывучы ў Ашаве, дабіўся, каб бел-чырвона-белы сьцяг уздымаўся штогод 25 сакавіка перад гарадзкой ратушай побач з канадыйскім.

   У 1970-м разам з Вінцэнтам і Раісай Жук-Грышкевічамі дамовіліся з мэрыяй Таронта, каб сьцяг уздымаўся на ратушнай плошчы кожныя 25 сакавіка.

   Заснаваў Маркевіч і штонядзельныя беларускія паўгадзінныя перадачы на станцыі CHWO у гарадку Оўквіл паблізу Таронта.

   Апошнія гады, з увагі на паважны ўзрост, Антон Маркевіч адышоў ад актыўнае грамадзкае працы, але дасылаў ахвяраваньні на “Беларуса” ды беларускія выдавецкія праекты.