Газэта "БЕЛАРУС"

Апошні нумар Замовы й паслугі
Halounaja     Krama     Naviny     Kantakty     Bielarus      
БЕЛАРУС  № 563-564
за сьнежань 2009 г. - студзень 2010 г.
   

Беларусы – над Нявой

Нікалаеў М. Беларускі Пецярбург. Спб.,2009. 535 с., ілюстр.

 

   Калісьці трапілася мне на вочы кніга Л. Базылёва “Палякі ў Пецярбургу” (“Polacy w Peretsburgu”, 1984). Гартаў, памятаю, займальныя старонкі польскага гісторыка не без скрушлівага хваляваньня: ці не палова прадстаўленых там “polakow” – Касьцюшка, Міцкевіч, Агінскі, Аляшкевіч, Ваньковіч, Сянкоўскі, іншыя – нашыя, беларусаў, суродзічы, аб чым у кнізе – маўчок. Праўда сёй-той зь землякоў, тагачасных “літвінаў”, рашуча адмяжоўваўся ад “польскасьці” дзеля... упадабленьня “истинно русскости”, пыхліва й зьняважліва ставячыся (Булгарын) да адраджэньня ў кольшняй гістарычнай Літве ўласна Беларусі, беларускасьці – у сьвядомасьці яе апалячанае шляхецкае часткі.

   Вось-жа супярэчлівая эвалюцыя нацыянальнага самапазнаньня ўяўляецца мне істотнай ідэяй гэтае зьмястоўнае кнігі, выкананай у шырокім кантэксце беларускай і расейскай гісторыі, культуры. Зь імёнамі многіх беларусаў-пецярбуржцаў (жылі ў горадзе стала або часова), увечненых на скрыжалях Беларускае ідэі, у летапісе нацыянальнае пасіянарнасьці: Ян Баршчэўскі, Іаан Грыгаровіч, Павал Шпілеўскі, Віктар і Кастусь Каліноўскія, Іван Насовіч, нарадавольцы-“гоманаўцы”, Браніслаў Эпімах-Шыпіла, Яўхім Карскі, Іван і Антон Луцкевічы, Аляксей Сапуноў, Вацлаў Іваноўскі, Браніслаў Тарашкевіч, Зьміцер Жылуновіч, Аляксандар Сержпутоўскі, кс. Адам Станкевіч, нарэшце, прарочая постаць Янкі Купалы. Шкада, незаўважанымі засталіся “піцерскія” старонкі таксама прыкметных асобаў беларускага адраджэньня – Вайслава Савіча-Заблоцкага, Мікалая Лабойкі, Яўгена Ляцкага, Вацлава Ластоўскага, Генрыха Грыгоніса, Соф’і Шамардзіной, Аляксандра Мікульчыка – стваральніка славутое “Беларускае марсельезы”. Іншы чытач мажліва дадаў-бы яшчэ адное-другое вартае адпаведнага прыпомненьня прозьвішча.

   Першыя беларускія кніжачкі, выдавецкая суполка “Загляне сонца...”, студэнцкія навуковыя гурткі, беларускі буквар, граматыка,самадзейныя ігрышчы, тэатральныя пастаноўкі, дзяржаўна-незалежніцкія парываньні, многае іншае ў нашым вызвольна-адраджэнчым руху нараджалася тут – над Нявой, імпульсуючы абуджальнымі сыгналамі насельнікаў колішняга забранага краю. Можна, не без аглядкі, пагадзіцца зь меркаваньнем шаноўнага аўтара пра Пецярбург – сваеасаблівую ў пэўным часе культурную сталіцу Беларусі. Памятаючы аднак пра выключную, непараўнальную ў гэтым сэнсе ролю, асабліва ў “нашаніўскую пору”, нашае старадаўняе сталіцы – Вільні, калыскі Беларускага адраджэньня.

   Наогуле зьмест кнігі нашмат больш разьлеглейшы ад згаданага нацыянальна адраджэнчага чыньніка. У ёй – амаль уся 300-гадовая гісторыя гораду з гледзішча прысутнасьці там 2000 фігураў нашых прашчураў і сучасьнікаў зь Беларусі: царадворцаў, сьвятароў, архітэктараў, мастакоў, кампазытараў, сьпевакоў, вайскоўцаў, інжынэраў, навукоўцаў, адміністратараў, чые намаганьні нямала прычыніліся да цывілізацыйнага напаўненьня граду Пятрова. Іншая тэма – наколькі гэтыя стараньні на расейскім абсягу спалучаліся, ці спалучаліся зь беларускім гістарычным інтарэсам. Пэўна далёка ня кожнага з тых дзьвюх тысячаў інтарэс той клапаціў, і “беларускае” прадстаўніцтва іхняе ў горадзе далей выключна факту “тэрытарыяльнага” – паходжаньне зь Беларусі – не сягала. Як у выпадку з Саланевічам – зацятым ідэолягам расейскага манархізму, аб чым ніжэй.

   Хаця чыясьці асабістая засьцярога – за межамі гэтае кнігі, вытрыманай у лагодна разважлівых тонах, у спалучэньні велічы і велікадушнасьці. Няхай тая апошняя ня скрозь і вызначала тую беларускую прысутнасьць у слынным горадзе, саступаючы іншы раз перад злачынствам і гвалтам, згадваючы тэрарыста-царазабойцу, “паляка” Грынявіцкага, беларусаў-удзельнікаў “Октябрьского переворота”, хоць той пераварот парадаксальна паспрыяў нацыянальна-дзяржаўнаму самавызначэньню Беларусі.

   Далей, не адно руплівым людам з-над Нёмана, Дзьвіны засялялася паўночная сталіца Расеі. Нямала тут, даведваемся з кнігі, назапашана нашых матэрыяльна-культурных скарбаў, калісьці забраных расейскімі генэраламі пад сумна рашучае імпэратрыцына “Отторгнутое возвратихъ”: унікальная, у 20 тысяч тамоў, Радзівілаўская бібліятэка, архіў зь Нясьвіжа (цяпер у рэестры патрануемых ЮНЭСКА каштоўнасьцяў “Памяць сьвету”), зброі, разьбы, мастацкіх палотнай, адзеньня. Як бы сёньня прыдаўся-б сёньня хоць адзін-другі арыгінальны экспанат з тых збораў для менш чым сьціплых набыткаў Нясьвіскага музэю. Шкада, катэгарычнае “возвратихъ”, нават па цяперашнім дэмакратычным часе, расейска-беларускім братэрстве, ня мае адваротнага ходу...

   Шта да сучаснага Пецярбургу, мяне найперш прывабліваюць тыя суайчыньнікі, чыя рупнасьць несла, нясе слова, думку, творчую здольнасьць Сінявокае краіны ў расейскую прастору, збагачаючы духоўнае і матэрыяльнае разьвіцьцё паліэтнічнага гораду над Нявой. І такіх на старонках кнігі – няма: поруч зь яе аўтарам, знаным дасьледнікам-кнігазнаўцам Міколам Нікалаевым, гісторык Валянцін Грыцкевіч – старшыня Беларускага навукова-культурнага таварыства ў Пецярбургу, літаратары Іван Сабіла (ад нядаўняга часу – масквіч), Анатоль Кірвель, Аркадзь Пінчук, Аўгіньня Кавалюк, бібліятэкар Марыля Ткачэнка, а. Міхаіл Сячэйко, мастак Іван Чэрнякевіч, вучоны-мэдык Мікалай Гурын, караблебудаўнік Валерыян Скалабан, ваенны інжынэр Яўген Рабцэвіч, журналіст Тацьцяна Герасімец... Іхныя, многіх іншых ляканічныя жыцьцяпісы, з партрэтамі – гожае ўвасабленьне беларускае творчае хады шырокім сьветам.

   Трапляюцца ў кнізе пасажы, як на сёньнешняе ўспрыманьне, мякка кажучы, дзіўнаватыя. Прыкладам, той-жа Віталь Фрыдрыхавіч Зэйдаль (Віталь Вольскі), колішні супрацоўнік Петраградзкага ВЧК. Прысутнасьць яго на старонках выданьня абумоўлена фактам нараджэньня ў Піцеры і пазьнейшай, літаратурнага крытыка, “изобличительной инвективой” у адрас супрацоўнікаў “Нашае Нівы”, чыя, маўляў, нацыяналістычная абмежаванасьць стрымлівала творчы ўзьлёт маладога Янкі Купалы. Можна было-б, калі без цытаваньня спарахнелае ацэнкі не абыйсьціся, запярэчыць: ніхто іншы і лепшы ад “нашаніўскіх” нацыяналістаў, так шчыра плённа ня рупіўся пра пашырэньне ў народзе твораў Паэта, над асэнсаваньнем яго гістарычна-беларускага пакліканьня ў якасьці “Прарока нацыянальнага адраджэньня” (А. Луцкевіч). Зноў-жа, кранаючы чэкістаў: “жалезны Фэлікс”, Дзяржынскі, ушанаваны ў кнізе тлустым радком і адмысловым жыцьцярысам. А што, Аляксандар Чарвякоў – там, у Петраградзе, старанец-падзьвіжнік беларускае савецкае дзяржаўнасьці, не заслужыў падобнае, уключна са сваім фотавобразам, увагі?

   Яшчэ пярэчаньне. Друкаваную плошчу, шчодра выдзеленую пад спомненага вышэй Івана Саланевіча, мяркую, дастаткова было-б абмежаваць яго, з”тоже белорусов”, самаатэстацыяй – не змоўчваючы тае пострахам польскае дэфэнзівы (у беларускім лёсе мабыць не страшнейшае ад расейска-савецкага ЧК-КПУ-КГБ): “Я... стопроцентный белорус, очень рад, что меня учили русскому языку, а не белорусской мове, что Пушкина не заменили Янкой Купалой и просторов империи уездным патриотизмом с сеймом в Вильно або у Менску” (Солоневич И. Россия в концлагере. София, 1936. С. 224). Так што будзьма самакрытычнымі: не заўсёды беларусы над Нявой (над Масквой, Віслай...) заставаліся імі – з пляўком у твар свае радзімы, апляваўшы і сябе назаўсёды.

   Уражвае кніга густоўнай эстэтыкай, багацьцем ілюстрацыйнага матэрыялу, аформленага Барысам Чэрнякевічам. Як-жа хораша, мяркую, сьвяціўся-б на той выяўленчай раскошы Рэпінаўскі “Беларус” – непаўторы шэдэўр мастацкага ўвасабленьня расейскім жывапісцам нашага, над Дзьвіной, чалавека-жыцьцялюба. На падыходзе другое, расейскамоўнае выданьне – няхай-бы ўпрыгожылася і гэтым калярытным вобразам., што красуецца ў Рускім музэі.

   Застаецца, галоўнае, падзякаваць творцам-падзьвіжнікам над Нявой. І – пазайздросьціць іхнім імпэту, ахвярнасьці. Беларуская Масква, магчыма і Беларуская Сібір, Беларуская Вільня, Беларуская Варшава, Беларускі Кіеў, Львоў, Адэса – калі-б падахвоціліся падобным праектам – маюць абок Беларускае Амэрыкі, Беларускае Аўстраліі (кнігі В. Кіпеля, Н. Гардзіенкі), прыстойны, пэўна, не безаглядны прыклад для насьледаваньня. У добры час!

Аляксей КАЎКА