Газэта "БЕЛАРУС"

Апошні нумар Замовы й паслугі
Halounaja     Krama     Naviny     Kantakty     Bielarus      

БЕЛАРУС 563-564

за сьнежань 2009 г. -студзень 2010 г.

 

 

Валерыя КУСТАВА

    На Каляды

 

Калі я быў маленькі,

усе мае сябры наконадні Калядаў

пісалі лісты з пажаданьнем

Дзеду Марозу ці сьвятому Міколу,

я-ж пісаў лісты Богу, бо лічыў,

што Бог – самы галоўны Дзед Мароз,

прэзыдэнт усіх сьвятых Мікалаеў.

                            Замест эпіграфа

Мэры Крыстмас! Глянь наўкола!

І прыйдзі, сьвяты Мікола,

сьнегам поўніць далягляды

на Каляды, на Каляды!..

 

Не празь сінія этэры,

а праз комін у кватэры.

Ды ў шкарпэткі пакладзі

дзівы – о-дзі-ры-дзі-дзі!

 

Як анёлак б’е ў курантны,

прамаўляю модлы-мантры:

дай нам, Звышні, на Каляды

шчасьця ў горад наш пракляты.

 

Дай нам добрае надвор’е

без глябальных пацяпленьняў.

Дай дзівоснае сузор’е,

дзе Вэнэра з Марса млее.

 

Дай шалёных закаханьняў

і каханых найшалёных,

каб у кожным у дыханьні

любыя пачуць імёны.

 

Шчодры вечар. Шчыры вечар –

добраму сьвятому люду.

Словы простыя і рэчы

зіхацяць прадвесьнем цуду.

 

Калі быў зусім малечай,

я прасіў узяць на плечы

ў таты, мамы і ў дзядулі –

ды круціў з вышыняў дулі.

 

А цяпер прашу я ў Бога,

бо галоўны Ён Мікола,

каб пакутную дарогу

не разьбіла часу кола.

 

Як раней прасіў я цацкі,

шчанюка і шмат цукерак,

так цяпер прашу я ласкі

боскай і людзей даверу.

 

Я раней дурнеў на сьвяты,

у зімовай завірусе

кідаў ледзяшамі ў брата

і ў сумёт хавацца мусіў.

 

А цяпер гляджу я ў неба

кожнаю каляднай ноччу.

Падарункаў мне ня трэба,

Толькі-б, Божа,

мне ня збочыць…

 

На Каляды… На Каляды

Пахне цытрусавай елкай.

Ліхі ўсе і нашы звады

заліваем мы гарэлкай.

 

На Каляды… На Каляды

Беларусі роднай зычу

новай праўды, новай рады,

новага жывога клічу.

 

Новага-старога сьцягу.

Новага-сівога гімну.

Каб на эўрапейскім шляху

ды ня згінуць.

 

Каб зямля нам нарадзіла

Каліноўскіх і Скарынаў.

І каб не ўцякла радзіна

за кардон ці за адрыну.

 

На Каляды! На Каляды

Казкай поўніць далягляды.

Сьнегам поўніць туманы.

 

…А ўначы гучаць званы...