Газэта "БЕЛАРУС"

Апошні нумар Замовы й паслугі
Halounaja     Krama     Naviny     Kantakty     Bielarus      

БЕЛАРУС565 за люты 2010 г.

 

Каляндар “БЕЛАРУСА”  

 

   85 гадоў таму, 7 лютага 1930 г., у Ленінградзе нарадзіўся Алег Шнэк – будучы грамадзкі дзеяч у Аўстраліі. У Ленінградзе служыў бацька, вайсковец Сьцяпан Шнэк. Шнэкі паходзілі са Случчыны, куды ў канцы 1930-х і вярнуліся. Падчас вайны Алег, як і брат Уладзімер, быў у СБМ. Летам 1944 г. уся сям’я Шнэкаў выехала на эміграцыю. Алег быў у лягеры ў Ватэнштэце, дзе належыў да скаўтынгу, потым перабраўся ў Аўстралію (Мэльбурн), дзе быў чальцом скаўцкай арганізацыі “Ўсяслаў Чарадзей”. Займаўся спортам, быў сакратаром спартовага клюбу, вёў шырокую грамадзкую дзейнасьць. Ад 1993 да 2005 г. быў кіраўніком Беларускага Вызвольнага Фронту, у 2003—2005 гг. – сакратаром Беларускага Цэнтральнага Камітэту ў Вікторыі.

   Алег Шнэк быў гасьцінным і прыязным чалавекам, заўсёды з радасьцю прымаў у Мэльбурне гасьцей, у тым ліку і з Бацькаўшчынай. Памёр 16 жніўня 2005 г.

   16 лютага 1895 г. у Пяршаях (сёньня Валожынскі р-н Менскай вобл.) нарадзіўся грамадзкі і вайсковы дзеяч Франц Кушаль. Ён быў удзельнікам Першай сусьветнай, даслужыўся да чыну штабс-капітана, за адвагу быў узнагароджаны ордэнамі Станіслава 3-й ступені ды Ордэнам Ганны. З пачаткам рэвалюцый Кушаль кінуў войска, вярнуўся на малую радзіму, арганізаваў на Валожыншчыне гурток беларускай моладзі. Потым ён браў актыўны ўдзел у працы Беларускай вайсковай камісіі (1919—1920), удзельнічаў у фармаваньні ў Менску беларускіх аддзелаў пры польскім войску. За палякамі – на афіцэрскай службе ў войску.

   Падчас нямецкай акупацыі – камандзір БКА. На эміграцыі Кушаль браў актыўны ўдзел у грамадзкім руху, быў камэндантам лягеру ў Рэгенсбургу, быў сярод тых, хто адраджаў Раду БНР. У ЗША ў 1952—1954 г. кіраваў Беларуска-Амэрыканскім Задзіночаньнем (БАЗА). Памёр 25 траўня 1968 г. у горадзе Рочэстэры, дзе жыла сям’я. Ягоная жонка Натальля Арсеньнева перажыла мужа амаль на 30 гадоў.

   100 гадоў таму, 17 лютага 1910 г. у Вільні нарадзіўся Хведар Ільляшэвіч – грамадзкі дзеяч, пісьменьнік, журналіст. Ільляшэвіч скончыў гістарычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту, падчас нямецкай акупацыі быў ў Беластоку, выдаваў газэту “Новая Дарога” ды кіраваў Беларускім камітэтам. Па вайне апынуўся ў Ватэнштэце, настаўнічаў у мясцовай гімназіі, апекаваўся беларускім скаўтынгам. Ягоны жыцьцёвы шлях трагічна перарваўся 7 лістапада 1948 г., калі ён загінуў у аўтакатастрофе.

   19 лютага 1915 г. у Падлесьсі (сёньня Ляхавіцкі р-н Берасьцейскай вобл.) нарадзіўся Мітрафан Рэпкаў-Смаршчок. Ён вучыўся на мэдыцынскім факультэце Віленскага ўнівэрсытэту ды браў удзел у заходнебеларускім студэнцкім і грамадзкім руху, дапамагаў рэдагаваць часопіс “Шлях моладзі”. Тады-ж пачаў пісаць першы (пад псэўдонімам Анатоль Бярозка). Падчас нямецкай акупацыі настаўнічаў у Баранавічах, быў дырэктарам мэдыцынскай школы. У 1944 г. зьняволены немцамі і кінуты ў канцлягер Нардхаўзэн. На Беларусь не вярнуўся, выехаў у ЗША, пасяліўся ў Мінэсоце (Мантысэля), удалечыні ад беларускай грамады, працаваў лекарам, стаў доктарам мэдыцыны. Яго імем названы (яшчэ пры жыцьці) адзін з карпусоў мэдыцынскага комплексу ў Мантысэля. Мітрафан Рэпкаў-Смаршчок памёр 20 чэрвеня 2008 года, пахавальны абрад адправіў беларускі сьвятар Ігар Лабацэвіч.

   27 лютага 2000 г. у Сыднэі памерла Надзея Лужынская. Надзея Лужынская нарадзілася ў 1924 г. у Брусах (на Мядзельшчыне) у сям’і рыбакоў. У 1944-м выехала ў Нямеччыну шукаць вывезеных нацыстамі бацькоў. У Ватэнштэце пазнаёмілася з будучым мужам – Міхасём Лужынскім. У 1950-м Лужынскія перабраліся ў Аўстраліі. Надзея Лужынская побач з мужам брала актыўны ўдзел у жыцьці беларускай грамады ў Сыднэі, старшынявала ў Жаночым камітэце, дапамагала ў арганізацыі беларускіх нацыянальных выставаў ды іншых мерапрыемстваў. Пахаваная на беларуска-украінскай секцыі могілак Роквуд у Сыднэі.

АГ