Е-крама

Замовы й паслугі
Halounaja     Krama     Naviny     Kantakty     Archiu gazety "Bielarus"     Abviestki      

Апошнія навіны ў Нью-Ёрку і ваколіцах  
 

 

Cтудзеньскі сход Згуртаваньня ПАГОНЯ

 

   У Доме Маракоў на Мангэтане 14-га студзеня адбыўся першы ў гэтым годзе сход Беларуска-Амэрыканскага Згуртаваньня ПАГОНЯ, арганізацыі, што была створаная ці, дакладней, трансфармаваная на аснове грамады, што складала былы Нью-Ёрскі аддзел Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня. Арганізацыя стала дзеіць пад новай назвай ад сьнежня міналага году, і пасьпела ў тым жа месяцы правесьці мітынг салідарнасьці з дэмакратычнымі апазыцыйнымі сіламі ў Беларусі. Грунтуючыся на падвалінах Акту 25 Сакавіка 1918 году, арганізацыя прытрымліваецца тых жа мэтаў і прынцыпаў, што і да трансфармацыі, а менавіта прынцыпаў узаемадапамогі і спрыяньня выхадцам зь Беларусі, падтрымкі дэмакратыі на Бацькаўшчыне, падтрымкі нацыянальнай беларускай культуры і беларускай мовы, прызнаньня гербу Пагоня і бел-чырвона-белага сьцягу нацыянальнымі сымболямі Беларусі.

   Акурат пра ўсё гэта распавёў напачатку сходу старшыня арганізацыі Віталь Зайка. Ён таксама заклікаў усіх прысутных далучацца да арганізацыі і запрашаць на яе сходы й імпрэзы сяброў і знаёмых. Прамоўца адзначыў важнасьць падтрымкі ў Амэрыцы сувязаў паміж землякамі і падкрэсьліў, што кожная, нават наймаленькая, этнічная група ў ЗША імкнецца да еднасьці, прыцягненьня ў свае шэрагі суайчыньнікаў для ўзаемнай падтрымкі, культурнага разьвіцьця сваёй нацыі на чужыне, і ў пэрспэктыве – дасягненьня палітычнага ўплыву ў ЗША. Сп.В. Зайка нагадаў такія этнічныя грамады, як гэбраі, італьянцы, ірлянцы, грэкі, армяне, палякі і, апошнім часам, арабы й наагул мусульмане, што актыўна разьвівалі свае арганізацыі, дапамагалі сваім людзям, а таксама сваім маткам-краінам, адкуль паходзяць.

   Прамоўца прывёў прыклад невялічкай паўднёваамэрыканскай краіны Гаяны, колькасьць насельніцтва якой не перавышае паўмільёна. Нягледзячы на мультырасавасьць і шматкультуральнасьць насельніцтва, гаянцы здолелі трымацца разам, ствараць досыць трывалыя арганізацыі, мацаваць узаемадапамогу. У выніку гаянская прысутнасьць, прысутнасьць выхадцаў з народу колькасна меншага за беларускі Гомель, адчуваецца ў Нью-Ёрку непараўнальна мацней, чым прысутнасьць беларусаў – народу амаль 10-мільённга. Гаянцы маюць сваю дзялянку геаграфічна, Рычманд-Гіл у Нью-Ёрку, бяруць удзел у этнічных парадах, друкуюць свае газэты, маюць пляны высоўваць сваіх людзей на консылмэнаў у Кўінсе і Брукліне, дапамагаюць розным гуманітарным праектам на сваёй бацькаўшчыне. Тым больш неспрыяльнае параўнаньне беларускай прысутнасьці з іншымі, больш лічэбнымі этнічнымі групамі.

   Сп. В. Зайка падкрэсьліў, што праз пашырэньне інфармацыі пра беларускія арганізацыі, а, галоўнае, праз імкненьне да салідарнасьці й узаемнай падтрымкі землякоў беларусы маюць усе падставы адрадзіць былы ўплыў, які мела беларуская грамада ў 1950—70-я гады, і ўзмоцніць яго. Для гэтага ў нас ёсьць усё неабходнае – арганізацыі, месцы для сустрэчаў і, галоўнае, самыя выхадцы зь Беларусі. Цяпер задачай ёсьць зацікавіць людзей, уцягнуць у грамадзкую працу, даказаць, што арганізацыі, як ПАГОНЯ, маюць значна мацнэйшы патэнцыял і вялікшую карысьць для людзей зь Беларусі, чым простае спрыяньне ў дасягненьні бліжэйшых мэтаў, зьвязаных са зьменаю статусу.

   Затым перад прысутнымі зь цікавым паведамленьнем аб выданай ня так даўно ў ЗША кнізе, што закранае гісторыю Беларусі, выступіў сябар управы Згуртаваньня Зьміцер Левіт. Ён прадставіў кнігу А. Сулімы-Камінскага “Рэч Паспалітая супраць аўтакраты” (Гарвард, 1993), пра нялёгкія часы расейскага нашэсьця ў канцы 17-га стагодзьдзя, уплыў якога адчуваецца ў пэўным сэнсе і да цяперашняга часу. Поруч з вынішчэньнем амаль паловы тагачаснага беларускага насельніцтва Маскоўская дзяржава вынішчыла найбольш актыўны, жывы элемэнт і падрыхтавала праз этнічна-канфэсыйныя маніпуляцыі, а таксама субвэрсійную антыдзяржаўную дзейнасьць супраць старабеларускай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага, далучэньне беларускіх земляў і асіміляцыю беларускага насельніцтва. Сп. З. Левіт напачатку даў кароткі агляд гісторыі Беларусі праз аналіз этнічных і дзяўржаўных назваў, што ўжываліся на тэрыторыі Беларусі, такіх як “Русь”, “Беларусія”, “Літва”. Ён адзначыў, што сёнешняя саманазва нашага народу і дзяржавы ёсьць адносна новаю і ня мае за сабою такога моцнага палітычнага і гістарычнага ўплыву, які меў бы назоў Літва, што выкарыстоўваўся нашымі продкамі ў 14-19 ст.ст. і быў перахоплены этнічнымі жмудзінамі ў другой палове 19 ст. Сп. Левіт спыніўся таксама на ўплыве Люблінскай уніі на дзяржаўна-палітычнае разьвіцьцё Беларусі. Гутарка сп. З. Левіта была зь цікавасьцю выслуханая прысутнымі.

   Сябар управы Згуртаваньня Яўген Барысевіч перадаў прысутным анкеты пра пытаньні аб зацікаўленьнях, мажлівасьцях і пажаданьнях па ўдзеле ў грамадзкай працы і абяцаў прааналізаваць запоўненыя анкеты і распавесьці пра вынікі на наступным сходзе. Затым сп. Барысевіч прапанаваў правесьці з мэтаю пашырыць калегаваньне і падставы для знаёмстваў сацыяльную гульню, падчас якой прысутныя абменьваліся з суседзямі інфармацыяй пра сваё паходжаньне, вучобу, зацікаўленьні і найзапамінальны факт пра сябе, а потым спрабавалі распавесьці пра суседа ўсёй грамадзе. Забава прайшла весела і нязмушана, дала магчымасьць прысутным у зьмененым фармаце бліжэй пазнаёміцца зь землякамі, навязаць кантакты, знайсьці асобаў з свае мясьціны або з падобнымі зацікаўленьнямі. Спадзяемся, што ў выніку шмат хто прыдбаў на сходзе прыемныя знаёмстывы.

   Затым у разьдзеле “Рознае” прагучэлі аб’явы і паведамленьні. Прысутныя мелі нагоду працягнуць нефармальныя кантакты пры сьціплым пачастунку.

Віталь ЗАЙКА

 

 

 

Сьнежаньскі сход былога Нью-Ёрскага аддзелу БАЗА

 і стварэньне на ягонай аснове новай арганізацыі – Беларуска-Амэрыканскага Згуртаваньня “ПАГОНЯ”

 

   Сход былога Нью Ёрскага аддзелу БАЗА адбыўся 10 сьнежня. Перад сходам ініцыятыўная група ў складзе ўправы былога аддзелу прыняла рашэньне зьмяніць назву арганізацыі на наступную: Беларуска-Амэрыканскае Згуртаваньне "ПАГОНЯ”, і зарэгістраваць арганізацыю пад такой назвай. На пачатку сходу старшыня ініцыятыўнай групы, ён жа старшыня былога аддзелу, Віталь Зайка, паінфармаваў прысутных, што ў выніку існуючых абставінаў аддзел мяняе назоў і будзе рэгістравацца як асобная арганізацыя. Было прапанавана ўсім, хто мае нейкія пытаньні або пярэчаньні выказаць іх, і аб’яўлена, што кожны нязгодны сябар былога аддзелу, які хацеў бы  застацца ў БАЗА, можа заявіць пра гэта. Усе прысутныя сябры падтрымалі заяву ініцыятыўнай групы, пярэчаньняў не было.

   Затым з паведамленьнем пра 120-годзьдзе з дня народзінаў славутага паэта Максіма Багдановіча выступіла сп-ня Валянціна Якімовіч. Яна прачытала некалькі вершаў самага любімага беларускага паэта. Сп. Віталь Зайка і сп-ня Валянціна Якімовіч засьпявалі на словы М. Багдановіча “Раманс” (“Зорка Вэнэра”) і “Пагоню”.

   Перад прысутнымі выступіў Старшыня Беларускага Народнага Фронту Зянон Пазьняк. Ён узгадаў фігуру Максіма Багдановіча, як адну з ключавых у беларускай літаратуры, і сказаў:“ёсьць у нас вялікая літаратура, ёсьць вялікія людзі, такія як Багдановіч. Не павінны ўпадаць у пэсімізм, бо былі цяжэйшыя часы, былі трагічныя 1930-я, можа не такія ганебныя як цяперашні час, калі цемра зьдзекуецца і плюе ў твар. Але сучаснасьць – гэта навука нам, якую мы мусім асэнсаваць і зрабіць высновы для далейшага руху наперад. Так зрабіла Эўропа у выпадку з фашызмам, асэнсавала тое, што адбылося і прыклала высновы і ў сфэру палітыкі, і ў сфэру законнасьці й маралі. Нажаль, падобнае асэнсаваньне не адбылося з камунізмам, тая здань дасюль блукае, і шмат у якіх краінах былыя камуністы кіруюць урадамі. Але навукай народу гэта зробіцца тады, калі зьнікне і адыйдзе ў нябыт сёнешні рэжым, калі стане яваю тое, што сёньня хаваецца і замоўчваецца.”  

   Прамоўца спыніўся таксама на продажы расейцам Белтрансгазу, якую ахарактэрызаваў як катастрафічную падзею,  што ставіць пад пагрозу сувэрэнітэт Беларусі. Ён таксама акрэсьліў альтэрнатыўныя праекты забесьпячэньня Беларусі энэргіяй і спыніўся на іншых падзеях апошняга часу ў краіне, у тым ліку на судзе над мяркуемымі выканаўцамі тэракту 11 красавіка ў Менску. Быў закрануты таксама будучы лёс Лукашэнкі.

   Затым у разьдзеле “Рознае” прагучэлі аб’явы пра маючыя адбыцца мітынг каля ААН і сьвяткаваньне Дня Слуцкіх Герояў у Гайлэнд-Парку, адбыліся знаёмствы з гасьцямі.

Віталь ЗАЙКА

 

 

Прэзэнтацыя альманаху "БЕЛАРУС" за 2011 год

 

   Прэзэнтацыя апошняга нумару літаратурнага альманаху беларускіх пісьменьнікаў замежжа “Беларус” за 2011 год адбылася на чарговым лістападаўскім сходзе арганізацыі былога (бяручы пад увагу апошнюю пастанову Галоўнай управы БАЗА, якая выключае Нью-Ёрскі аддзел з структуры арганізацыі) аддзелу БАЗА ў Нью-Ёрку, што па традыцыі прайшоў у Доме Маракоў на Мангэтане 12 лістапада.

   Вёў імпрэзу заснавальнік і выдавец альманаху Марат Клакоцкі. У сваёй нядоўгай прамове ён распавёў удзельнікам сходу аб тым, калі і як узьнікла ідэя падобнага выданьня, і як яна была рэалізаваная ў жыцьцё. Прамоўца нагадаў крытэры, па якіх падбіраюцца аўтары і творы для альманаху, а таксама аб тым, на якія сродкі гэтае выданьне пабачыла вось ужо пяты нумар.

   Пяць гадоў – немалы тэрмін для штогадовіка, і мала хто верыў у 2007 годзе, што справа гэтая ня спыніцца пасьля аднаго-двух нумароў. За гэтыя гады склалася і пэўная традыцыя правядзеньня самой прэзэнтацыі, на якую запрашаюцца ўсе аўтары, чые творы былі надрукаваныя ў альманаху. Безумоўна, далёка ня кожны з нашых літаратараў можа дазволіць сабе вандроўку ў Нью-Ёрк, хай сабе і на такую важную імпрэзу. Асабліва калі ўлічыць, што свае творы для друку ў “Беларусе” даслалі 19 аўтараў зь 10 краінаў сьвету. Сёлета прэзэнтацыю ў Нью-Ёрку змаглі наведаць чатыры зь іх: Віталь Зайка, Уладыка Юры (Рыжы), Сяржук Сокалаў-Воюш і Валянціна Якімовіч. Кожны з аўтараў меў магчымасьць распавесьці зацікаўленым слухачам аб сваіх творах, гісторыі іх стварэньня. Усе зь іх таксама сыходзіліся ў думцы, што выданьне трэба абавязкова працягваць у будучым. Уладыка Юры падкрэсьліў важнасьць літаратурнага альманаху, як праяву актыўнасьці і неабыякавасьці нашых суродзічаў, што апынуліся на чужыне.

   Пасьля выступу аўтараў вядучы імпрэзы папрасіў выступіць запрошанага на прэзэнтацыю Старшыню БНФ “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі – БНФ Зянона Пазьняка. Вядомы палітык гэтым разам гаварыў аб важнасьці і запатрабаванасьці выданьня кшталту літаратурнага альманаху, праз які маюць магчымасьць данесьці свае творы да чытачоў творцы, што жывуць у замежжы і пішуць па-беларуску. Сп. Пазьняк таксама пагадзіўся з Уладыкам Юрыем і адзначыў важнасьць выданьня, як сьведчаньня шырокай беларускай прысутнасьці ў ЗША і сьвеце, асабліва з улікам таго, як шырока ён рассылаецца па бібліятэках і навучальных установах.

   Потым прысутныя на імпрэзе мелі магчымасьць задаць выдаўцу і аўтарам пытаньні, атрымаць на іх адказы, а таксама набыць асобнік альманаха з аўтографамі пісьменьнікаў.

   Хочацца падзякаваць усім, хто прыйшоў на імпрэзу (а прысутных было больш за 100 чалавек), а таксама кожнаму, хто набыў “Беларус” і гэтым падтрымаў яго фінансава. Жадаючых набыць новае выданьне выстраілася цэлая чарга, што яшчэ раз засьведчыла ягоную папулярнасьць і ўмацавала надзею на тое, што “Беларус” за 2012 год таксама пабачыць сьвет.

Прысутны

--------------------------------

   А тыя асобы, што не змаглі патрапіць на прэзэнтацыю, могуць набыць апошні нумар, гэтак як і ўсе папярэднія, у інтэрнэце, наведаўшы старонку e-krama.com і зрабіўшы аплату крэдытнаю карткаю ці праз рахунак Paypal. На сайце можна таксама зрабіць ахвяраваньне на наступны нумар

 

 

Кастрычніцкі сход арганізацыі былога Нью-Ёрскага аддзелу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня

 

   У Доме Маракоў 8 кастрычніка прайшоў чарговы сход Нью-Ёрскага аддзелу БАЗА. Напачатку сходу старшыня аддзелу Віталь Зайка спыніўся на падзеях у Беларусі за апошні месяц.

   Сп. Ільля Куніцкі адносна нядаўна вярнуўся зь Беларусі і падзяліўся сваімі ўражаньнямі пра штодзённае жыцьцё і настроі жыхароў Беларусі.

   Затым з гутаркаю пра культуру і гісторыю сярэднявечнай Беларусі выступіў былы старшыня Галоўнай управы БАЗА Антон Шукелойць.  Прысутныя зь цікавасьцю праслухалі гутарку вэтэрана беларускага нацыянальнага руху і падзякавалі яму гучнымі воплескамі.

   Затым з лекцыяй пра гісторыю і гістарыяграфію Беларусі выступіў сябар управы аддзелу Зьміцер Левіт. Ён спыніўся на манэры выкладаньня гісторыі ў былой БССР, калі ў галовы ўсяляк закідалася ідэя адзінага “старажытнарускага” народу і Кіеўскай Русі, як ягонай аб’яднанай унітарнай дзяржавы. Сп. Левіт даў этымалягічны і гістарычны аналіз самога тэрміну “Русь”, спыніўся на паходжаньні назваў Літва, Беларусь і на пачатках ВКЛ. Прамоўца ўзгадаў млавядомыя факты з гісторыі Беларусі і спыніўся на значаньні Статуту Вялікага Княства для фармаваньня дзяржаўнай і этнічнай самасьведамасьці продкаў сучасных беларусаў. Сп. Левіт таксама ўзгадаў рысу аселасьці й стаўленьне беларускіх гэбраяў да Расеі, што знайшло сваё адлюстраваньне ў вядомай у ЗША кнізе Мэры Антын “Абяцаная зямля”.

   З паведамленьнем аб жыцьці й творчасьці выбітнага паэты Анатоля Сыса, прысьвечаным ягоным 52-м угодкам (26 кастрычніка), выступіла сакратар аддзелу Валянціна Якімовіч. Яна коратка распавяла пра трагічны жыцьцёвы шлях паэты і прачытала шэраг ягоных вершаў, што былі эмацыйна сустрэтыя прысутнымі.

   Затым у традыцыйным разьдзеле “Рознае” адбыліся знаёмствы з гасьцямі аддзелу, якія мелі нагоду коратка распавесьці пра сябе, свае зацікаўленьні.

Віталь ЗАЙКА

 

 

Верасьнёўскі сход Нью-Ёрскага аддзелу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня

 

   На стаўшым ужо звычным месцы ў Доме Маракоў на 15-й вуліцы на Мангэтане 10 верасьня прайшоў чарговы верасьнёўскі сход Нью-Ёрскага аддзелу БАЗА. Напачатку сходу сакратар аддзелу Валянціна Якімовіч павіншавала прысутных з прайшоўшым нядаўна Днём беларускай вайсковай славы – гадавінай славутай бітвы пад Воршай (1514 г.). Сябар управы аддзелу Віктар Едзіновіч нагадаў прысутным на сходзе аб гістарычных падзеях тых часоў, а старшыня аддзелу Віталь Зайка распавёў пра гістарычнае значаньне гэтай бітвы і Дня беларускай вайсковай славы.

   Затым госьця аддзелу спч-ня Вольга падзялілася з прысутнымі інфармацыяй пра падзеі й штодзённае жыцьцё ў Беларусі ў апошні час, пра эканамічнае становішча і настроі людзей.

   Былы старшыня аддзелу Антон Шукелойць распавёў пра свае пачуцьці 10-гадовай даўніны падчас тэракту ў Сусьветным гандлёвым цэнтры ў Нью-Ёрку 11 верасьня 2001 году. Прысутныя па прапанове прамоўцы ўшанавалі памяць загінуўшых у той дзень 10 год таму хвілінаю цішы.

   Затым сп. Шукелойць спыніўся на некаторых момантах гісторыі старабеларускай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага, калі ў часы Ягайлы беларуская мова гучэла ў каралеўскіх палацах у Кракаве і ў вялікакняскай Вільні, і калі на ёй пісаліся прывілеі й іншыя дзяржаўныя дакумэнты, што сталі часткаю Мэтрыкі Літоўскай – архіву старабеларускай дзяржавы. Сп. Шукелойць пацьвердзіў свой намер на наступных сходах аддзелу прысьвяціць цыкль гутарак пытаньням гісторыі Беларусі.

Затым адбыліся знаёмствы з гасьцямі аддзелу, калі кожны меў нагоду сказаць некалькі словаў пра сябе і свае зацікаўленьні. Падчас знаёмства ўзьнікалі пытаньні пра мову, ужываную на сходах аддзелу. Адна дзяўчына спытала: “А можна па-руску, гэта адна зь дзяржаўных моваў у Рэспубліцы Беларусь?” На гэта было патлумачана, што БАЗА прызнае толькі адную, натуральную, мову Беларусі – беларускую – і падтрымлівае яе разьвіцьцё. Пасьля тлумачэньня дзяўчына без заўважных цяжкасьцяў выступіла па-беларуску. Падчас фатасэсіі ў канцы сходу таксама ўзьнікла сытуацыя з выкарыстаньнем лукашэнкаўскага чырвона-зялёнага сьцяжка. Было адзначана, што адным з прынцыпаў БАЗА ёсьць прызнаньне нацыянальным і дзяржаўным сьцягам Беларусі гістарычнага бел-чырвона-белага сьцягу, і што адпаведна БАЗА не прызнае лукашэнкаўскага сьцягу, пад якім адбывалася і адбываецца закрыцьцё беларускіх школаў, працягваецца русіфікацыя і вынішчэньне беларускай культуры.

Віталь ЗАЙКА

 

 

Жнівеньскі сход Нью-Ёрскага аддзелу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня

 

   Чарговы жнівеньскі сход Нью-Ёрскага аддзелу БАЗА прайшоў 13-га жніўня. Напачатку сходу старшыня аддзелу Віталь Зайка, коратка азнаёміў прысутных з падзеямі ў Беларусі і зьвязаных зь Беларусьсю за апошні месяц. Ён у прыватнасьці закрануў працяглы валютна-фінансавы крызіс і прадстаўленьне ўрадавымі арганізацыямі Летувы і Польшчы інфармаці для рэжыму Лукашэнкі пра банкаўскія рахункі беларускіх грамадзянаў, на падставе чаго быў арыштаваны кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі. Наагул, выглядае, што Лукашэнка, як ня раз было раней, набраў закладнікаў для гандлю з Захадам, каб атрымаць фінансавую дапамогу ў абмен на вызваленьне палітвязьняў. Разам з гэтым працягваецца ціск Расеі на рэжым, з тым, каб у абмен на пазыкі забясьпечыць для расейскіх кампаніяў выгодныя ўмовы ўдзелу ў прыватызацыі дзяржаўнага майна ў Беларусі. Прамоўца таксама закрануў тэмы працягу перасьледу апазыцыі ў Беларусі, браку пасьлядоўнай палітыкі Эўразьвязу і кантравэрсійнае пытаньне фінансаваньня дзейнасьці апазыцыі.

   Затым перад прысутнымі выступіў былы старшыня Галоўнай управы Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня Антон Шукелойць. Ён адзначыў, што сёлета спаўняецца 80 год ягонай палітычнай дзейнасьці ў беларускім нацыянальным руху. Гэтая дзейнасьць пачалася з часоў навучаньня ў гімназіі ў Ашмяне, калі пры правядзеньні перапісу насельніцтва Польскай рэспублікі ў 1931 г. сп. Шукелойць, тады “камісар сьпісовы”, фіксаваў нацыянальнасьць апытаных не па мове, якой карыстаюцца ў касьцеле, але на якой гавораць у сям’і. У выніку колькасьць прадстаўнікоў беларукай нацыянальнасьці перавысіла польскую, што выклікала гнеў мясцовых польскіх уладаў. Затым была вучоба ў Віленскім унівэрсытэце, актыўны ўдзел у працы Беларускага Студэнцкага Саюзу і ў маладзёвай арганізацыі партыі беларускіх эсэраў, арышт прыйшоўшымі Саветамі за “нацыяналістычную дзейнасьць”, вызваленьне немцамі, спробы арганізацыі нацыянальнага беларускага жыцьця пад нямецкай акупацыяй, выезд на чужыну, грамадзкая дзейнасьць у беларускіх арганізацыях ЗША.

   Затым сп. Шукелойць спыніўся на неабходнасьці веданьня гісторыі Беларусі і валоданьня асноўнымі гістарычнымі фактамі, бо, як вядома, без гэтага немагчымае разуменьне сучаснага становішча і немагчымы рэалістычны пагляд у будучыню і прагназаваньне яе. Сп. Шукелойць падкрэсьліў, што лёс даў яму магчымасьць быць сьведкам асноўных падзеяў беларускай гісторыі мінулага стагодзьдзя, калі адбылося так шмат трагічнага на беларускай зямлі. Разам з тым наяўнасьць маладых беларускіх сілаў, у тым ліку і ў гэтай залі, дае надзею на тое, што справа, якую пачалі беларускія нацыянальныя дзеячы больш як 100 год таму, будзе падоўжаная і даведзеная да перамогі. Затым сп. Шукелойць паведаміў пра сваё жаданьне правесьці сэрыю гутарак на разнастайныя тэмы з гісторыі Беларусі. Прысутныя зь цікавасьцю слухалі прамову ветэрана нацыянальнага руху і воплескамі сустрэлі прапанову прамоўцы.

   Затым адбыліся знаёмствы з гасьцямі аддзелу, якія коратка распавялі пра сябе.

   У разьдзеле “Рознае” прагучэлі аб’явы і паведамленьні.

Віталь ЗАЙКА

 

 
Марш Паняволеных Народаў
 
17 ліпеня ў рамках 53-га Тыдня Паняволеных Народаў прайшоў традыцыйны Марш Паняволеных Народаў, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі беларускай грамады ў Амэрыцы. Марш штогод арганізаoўвае Камітэт Паняволеных Народаў, што паўстаў у 1959 годзе, і які з прынятым прэзыдэнтам Айзэнгаўэрам Грамадзкім законам ЗША № 86-90 арганізуе Тыдзень у гонар змагарных народаў, што пакутуюць пад таталітарнай і дыктатарскай уладай.

   Імпрэза пачалася з блаславеньня сьцягоў і імшы за паняволеныя народы ў саборы сьв. Патрыка ў Нью-Ёрку, якую адправіў Мансынёр Рычы, рэктар сабору. У сваёй казані Мансынёр выказаў спадзяваньне, што Паняволеныя Народы, прадстаўнікі якіх ужо каторы год ладзяць свай Тыдзень і Марш, неўзабаве даб'юцца свабоды, і нагадаў прысутным, што свабода, змаганьне за яе маюць свой высокі кошт – “Freedom is not free”.

   Затым грамада прайшла Маршам па 5-й авэню. У ранішнім паветры луналі бел-чырвона-белыя сьцягі, якіх было найболей, гучэлі поклічы “Жыве Беларусь!”, “Беларусь – так! Лукакашэнка – не!”, “Далоў Лукашэнку!” Удзельнікі імпрэзы прайшлі да 72-й вуліцы ў Цэнтральны парк, дзе адбылася ўрачыстасьць адкрыцьця Тыдню Паняволеных Народаў. Яе адкрыў старшыня Камітэту Паняволеных Народаў Хорст Уліх. З прамоваю аб змаганьні за дэмакратыю ў Беларусі й патрэбу салідарнасьці дэмакратычных сілаў выступіў старшыня Нью-Ёрскага аддзелу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА) Віталь Зайка. У імпрэзе прынялі ўдзел прадстаўнікі Эстоніі, Казакіі, Кубы, Латвіі, Нікарагуа й нямецкіх выгнанчых зямляцтваў, а таксама дзеячы кансэрватыўнага руху ў ЗША.

   Напрыканцы імпрэзы была прынятая рэзалюцыя, у якой нагадваецца аб неабходнасьці памятаць аб злачынствах камунізму і таталітарызму, аб пагрозе міру і дэмакратыі, якая дасюль сыходзііць ад такіх тыранічных краінаў, як Кітай і Расея, і аб парушэньнях свабоды веравызнаньня, што адбываюцца ў многіх месцах сьвету.

Віталь ЗАЙКА
------------------------------
 

Ліпеньскі сход аддзелу БАЗА ў Нью-Ёрку

 

   17 ліпеня ў Цэнтральным парку ля помніка каралю і вялікаму князю Ягайлу прайшоў сход Нью-Ёрскага аддзелу БАЗА. Перад тым сябры і госьці аддзелу прынялі ўдзел у Маршы Паняволеных Народаў. Падчас кароткага сходу старшыня аддзелу Віталь Зайка коратка распавёў пра дзейнасьць і пляны аддзелу і, між іншага, узгадаў гісторыю помніка Ягайлу ў Цэнтральным парку, а таксама тое, што ў гэтыя дні ліпеня спаўняецца 601 год перамогі аб'яднаных войскаў старабеларускай дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай над сіламі Тэўтонскага нямецкага ордэну пад Грунвальдам у 1410 г.

   Прысутныя мелі магчымасьць падаць заявы на сяброўства ў аддзеле і далучыцца да дзейнасьці беларускай грамады ў Нью-Ёрку і ваколіцах, а таксама калегавацца зь землякамі, абменьвацца інфармацыяй пра розныя жыцьцёва патрэбныя рэчы, у тым ліку юрыдычныя паслугі, жытло, працу і вучобу.

Віталь ЗАЙКА
 
------------------------------
 
Хіратонія новага япіскапа БАПЦ

   19 чэрвеня 2011 г. у катэдральным саборы сьвятога Кірылы Тураўскага ў Брукліне адбылася хіратонія архімандрыта а. Серафіма (Чыкіты) у япіскапа Віленскага і Нью-Ёркскага Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы.  

   Архірэйскую хіратонію выканалі: правялебны Сьвятаслаў, япіскап Наваградзкі, кіруючы япіскап БАПЦ, і Ўкраінскія Ўладыкі: высокаправялебны Аляксандар, архіяпіскап Уманьскі і Дэтройцкі і высокаправялебны Макарыёс, архіяпіскап Г’юстанскі і Тэхаскі. 
   У Набажэнстве таксама прымалі ўдзел сьвятары Беларускае і Ўкраінскае цэркваў і вернікі БАПЦ з ЗША і Канады. Уладыка Аляксандар прачытаў нядзельнае Дабравесьце па-беларуску, а Ўладыка Макарыёс прамовіў казаньне. Япіскап Сьвятаслаў прамовіў настаўленьне нававысьвячанаму япіскапу, уручаючы япіскапскі жэзал, які ёсьць сымбалем архіпастырскае ўлады.
 
   Літургія скончылася мнагалецьцем і сьпевам беларускага рэлігійнага гімну “Магутны Божа”.

   Япіскап Серафім (у міру – Ігар Васільевіч Чыкіта) нарадзіўся 15.01.1973 г. у горадзе Белаазёрску, Берасьцейскай вобласьці. У 1990 г. скончыў школу № 13 г. Берасьця. 1992 - 1994 г.г. – служба ў войску. У 1994 г. паступіў у Львоўскую багаслоўскую акадэмію (Украіна). У 1998 г. рукапакладзены ў дыякана і сьвятара Ўкраінскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы ў г. Кіеве, Украіна. Служыў у Кіеўскай япархіі ў царкоўным судзе. У 2000 г. скончыў юрыдычны факультэт Таўрыйскага інстытуту прадпрымальніцтва і права. Працаваў юрысконсультам. У 2001 г. накіраваны ў г. Севастопаль выконваць пастырскія абавязкі сярод беларускіх праваслаўных вернікаў УАПЦ. У 2004 г. закончыў магістратуру Акадэміі адвакатуры Ўкраіны ў Кіеве, абараніўшы дыплём магістра права, і асьпірантуру Севастопальскага НТУ па спэцыяльнасьцям сацыяльная філязофія і філязофія гісторыі, палітычныя інстытуты і працэсы. У 2005 г. абараніў кандыдацкую дысэртацыю па багаслоўю, у 2008 г. – доктарскую. Працаваў старшым выкладчыкам, дацэнтам у вышэйшых навучальных установах г. Севастопаля. У 2008 г. прыняў манаскі пострыг, у 2009 г. ўзвышаны ў годнасьць ігумена і архімандрыта. У жнівені 2009 прыняты ў клір БАПЦ, выконваў пастырскія абавязкі сярод вернікаў БАПЦ ва Ўкраіне. У траўні 2011 г. кіруючым япіскапам і царкоўнай радай БАПЦ абраны кандыдатам на япіскапа БАПЦ. 

 Паводле http://www.belapc.org

 ----------------------------------------------
 
 
Чэрвеньскі сход Нью-Ёрскага аддзелу БАЗА
 

   У Доме Маракоў на Мангэтане 11 чэрвеня прайшоў чарговы чэрвеньскі сход Нью-Ёрскага аддзелу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня. Напачатку старшыня аддзелу Віталь Зайка азнаёміў прысутных з апошнімі найбольш значнымі падзеямі ў Беларусі, сярод якіх былі ўзгаданыя масавыя акцыі пратэсту насельніцтва Беларусі супраць пагаршэньня эканамічнага становішча і ўмоваў жыцьця, у тым ліку акцыя “Стоп-бэнзін” у Менску і перакрыцьцё памежнага пераходу каля Горадні. Таксама былі ўзгаданыя рыхтуемыя Эўразьвязам і ЗША санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і сытуацыя вакол расейскага крэдыту для Беларусі.

   Затым сакратар аддзелу Валянціна Якімовіч распавяла пра кангрэс БАЗА, што быў скліканы незаконнай Галоўнай управай у канцы траўня. Сп-ня В. Якімовіч была прысутная на ім як прадстаўніца аддзелу БАЗА ў Нью-Ёрку, для зачытаньня рэзалюцыі і заявы Нью-Ёрскага аддзелу аб непрызнаньні Галоўнай управы і скліканага ёю кангрэсу. Сп-ня Якімовіч таксама спынілася на сутнасьці канфлікту з Галоўнай управай і яе старшынём сп. Станкевічам.

   Прамоўца распавяла пра пачатак кангрэсу і шэраг грубых парушэньняў, якія адбыліся на вачох усіх прысутных, калі староньнія людзі бралі ўдзел у галасаваньнях. Бальшыню дэлегатаў складалі прадстаўнікі незаконна створанага “Бруклінскага” аддзелу. Значную частку галасоў ізноў складалі перасланыя ўпаўнаважаньнямі галасы дэлегатаў з дасюль фактычна не існаваўшага аддзелу БАЗА ў Стронгсвілі (Агаё).

   Сп-ня В. Якімовіч дазначыла, што яна зьвярнула ўвагу кіраўніцтва кангрэсу на парушэньні й дзеяньні, што супярэчаць Статуту БАЗА, але яе заўвагі былі збольшага праігнараваныя. Яна зачытала дакумэнты Нью-Ёрскага аддзелу БАЗА аб непрызнаньні кангрэсу і дзеяньняў незаконнай Галоўнай управы, у адказ на што раздаліся кепікі й сьмешкі сябраў так званага “Бруклінскага” аддзелу. Затым сп-ня Якімовіч пакінула кангрэс. Кангрэс таксама пакінула большасьць прадстаўнікоў аддзелу БАЗА ў Нью-Джэрзі.

   Пазьней стала вядома, што старшынёй Галоўнай управы была абраная Ганна Сурмач.

   Варта адзначыць, што гэтае абраньне адбылося без удзелу найбольшых колькасна аддзелаў арганізацыі й наўрад ці можа лічыцца легітымным. Тым ня менш, Нью-Ёрскі аддзел БАЗА ёсьць адкрыты для перамоваў і гатовы на кантакты дзеля пераадоленьня канфліктаў і спрэчак, якія ўзьніклі ў выніку дзейнасьці папярэдняга кіраўніцтва Галоўнай управы.

   Затым сп-ня Валянціна Якімовіч паведаміла аб правядзеньні традыцыйнага беларускага нацыянальнага абраду Купальля 18-19 чэрвеня ў прыгожай мясьціне на поўнач ад гораду Нью-Ёрку і спынілася на зьмесьце і сутнасьці абраду Купальля. Яна распавяла пра сымболіку Купальля, пра сьпевы і ход купальскага абраду – выбары Купалінкі й князя Купаліша, пра Мару-Марэну, скокі праз агонь, пошукі папараць-кветкі ў купальскую ноч. Прамоўца запрасіла ўсіх прысутных узяць удзел у старадаўняй традыцыйнай беларускай урачыстасьці.

   Сп. Віталь Крэмез распавёў пра кампакт-кружэлкі з рознымі нацыянальна-арыентаванымі матэрыяламі, што перадаў аддзелу сп. Валеры Мазынскі (“100 пытаньняў і адказаў з беларускай гісторыі”, творы М. Ермаловіча, “Сымон-музыка” і “Новая зямля” Я. Коласа), заклікаў набываць кружэлкі, электронна памнажаць і распаўсюджваць іх.

   Сп. Зьміцер Левіт распавёў пра некаторыя выпадкі неразуменьня сутнасьці працы арганізацыі з боку новых людзей, у тым ліку пытаньне аб т. зв. “даведках” або афідэфітах, якія выдаюцца толькі сябрам аддзелу, што зарэкамэндавалі сябе актыўнымі ўдзельнікамі грамадзкага жыцьця і выконвалі даручэньні кіраўніцтва аддзелу.

   У разьдзеле “Рознае” прагучэлі аб’явы і паведамленьні, адбыліся знаёмствы з гасьцямі аддзелу.

 Віталь ЗАЙКА

 -------------------------------------------
 
Кангрэс БАЗА
  

   28 траўня ў Нью-Брансўіку прайшоў Кангрэс БАЗА, скліканы непрызнанай Нью-Ёрскім аддзелам Галоўнай управай БАЗА. На парадак дня не былі пастаўленыя пытаньні, пра якія заяўляў Нью-Ёрскі аддзел. Перад Кангрэсам Нью-Ёрскі аддзел прыняў рэзалюцыю аб няўдзеле ў гэтым Кангрэсе і заявіў аб непрызнаньні ўсіх дзеяньняў і пастановаў, якія зрабіла або зробіць непрызнаная Галоўная управа.

   Прадстаўніца аддзелу на Кангрэсе сп-ня Валянціна Якімовіч зачытала дакумэнты аб няўдзеле ў Кангрэсе і адносінах да Галоўнай управы, што былі прынятыя Нью-Ёрскім аддзелам.

   Падчас правядзеньня дзеля неканструктыўнай пазыцыі кіраўніцтва Кангрэсу яго вырашыла пакінуць бальшыня прадстаўнікоў аддзелу БАЗА ў Нью-Джэрзі. Такім чынам, на Кангрэсе фактычна засталіся толькі прадстаўнікі штучна створанага ў супрацьвагу Нью-Ёрскаму аддзелу БАЗА так званага “Бруклінскага” аддзелу, і непрызнаныя сябры дзеючай Галоўнай управы, разам зь некалькімі прадстаўнікамі групаў БАЗА, падкантрольных ёй. Ад аддзелу ў Кліўлэндзе (Агаё? Стронгсвілі? – дакладная назва дасюль невядомая) асабіста прысутных дэлегатаў не было.

   Як стала вядома, тыя, хто застаўся на Кангрэсе абралі старшынёй Галоўнай управы сп-ню Ганну Сурмач.

 -------------------------------------------

 
Травеньскі сход Нью-Ёрскага аддзелу БАЗА
 

   14 траўня ў Доме Маракоў на Мангэтане адбыўся справаздачна-выбарчы сход Нью-Ёрскага аддзелу БАЗА. Перад пачаткам сходу на яго завіталі прадстаўнікі непрызнаванай аддзелам Галоўнай управы БАЗА, але ім было заяўлена, што як прадстаўнікі непрызнанай структуры, яны ня могуць быць прысутныя на сходзе.

   Напачатку сходу адбылося абраньне выбарчай камісіі ў складзе старшыні, сакратара і двух сябраў для падліку галасоў. Затым прайшла рэгістрацыя сяброў аддзелу для галававаньня. У выніку было зарэгістравана 47 прызнаных галасоў асабіста прысутных і перадаўшых упаўнаважаньні. Агульная колькасьць сяброў аддзелу, маючых права голасу, склала 92 чалавекі.

   Пасьля адбыліся справаздачы старшыні і саратара аддзелу за мінулы год. Па выніках справаздачаў быў прызнаны абсалюторыюм “з падзякай”. Дзеля вымушанай адсутнасьці скарбніка аддзелу фінансавая справаздача была перанесеная на пазьнейшы час.

   Затым былі высунутыя дзьве кандыдатуры на пасаду старшыні аддзелу: сп-ня Валя Якімовіч і сп. Віталь Зайка. Кандыдаты выступілі з прэзэнтацыяй сваіх праграмаў. Перад галасаваньнем паступіла прапанова правесьці тайнае галасаваньне, але яна не прайшла. Па выніках галасаваньня старшынём аддзелу быў абраны сп. Віталь Зайка, за якога былі пададзеныя 25 галасоў. За сп-ню Валю Якімовіч было пададзена 18 галасоў.

   Пасьля абраньня старшыня сфармаваў управу аддзелу ў складзе А. Міцкевіча (ганаровы старшыня), М. Клакоцкага (заступнік старшыні), В. Якімовіч (сакратар), В. Балашчанка (скарбнік), А. Шукелойць, В. Едзіновіч, Уладыка Юры (Э. Рыжы), З. Левіт, Я. Барысевіч, В. Крэмез.

   Затым адбылося абмеркаваньне становішча ў БАЗА і Рэзалюцыі пра няўдзел у Кангрэсе БАЗА дзеля ігнараваньня Галоўнай управай патрабаваньняў аддзелу. Рэзалюцыя была прынятая большасьцю галасоў.

   Сябры новастворанай управы засталіся пасьля сходу абмеркаваць бягучыя пытаньні працы аддзелу і пляны на будучыню.

Віталь ЗАЙКА

 -------------------------------------------

 

Чарнобыльскі мітынг на Мангэтане
 
 
   На 25-ю гадавіну Чарнобыльскай трагедыі, 26 красавіка, Нью-Ёрскі аддзел БАЗА правёў мітынг салідарнасьці з ахвярамі Чарнобыля і адначасна мітынг пратэсту супраць палітыкі рэжыму Лукашэнкі ў дачыненьні да насельніцтва забруджаных радыяцыяй тэрыторыяў і ліквідатараў, а таксама ў дачыненьні да будаўніцтва АЭС у Беларусі.

   Удзельнікі мітынгу сабраліся на Першай авэню ў Мангэтане насупраць будынка штаб-кватэры Арганізацыі Аб’еднаных Нацыяў. Старшыня Нью-Ёрскага аддзелу БАЗА Віталь Зайка распавёў пра мэты мітынгу і зрабіў агляд сытуацыі з радыёактыўным забруджаньнем і ліквідацыяй яе наступстваў за чвэрць стагодзьдзя. Ён таксама ўзгадаў палітыку рэжыму, у прыватнасьці, нагадаў кольшнія меркаваньні Лукашэнкі пра “бясьпеку пражываньня і чыстыя прадукты” ў чарнобыльскіх раёнах, і адзначыў апошнія ягоныя скандальныя выказваньні, у якіх той у неналежнай для дзяржаўнага дзеяча форме адмовіўся ад міжнароднай дапамогі. 

   Удзельнікі мітынгу трымалі бел-чырвогна-белыя сьцягі й плякаты “Чарнобыль – 25 год пакутаў”, “Дзьве бяды Беларусі – Лукашэнка і Чарнобыль”, “Беларусі не патрэбны другі Чарнобыль!”. Чуліся лёзунгі: “Беларусь – так! Лукашэнка – не!”, “Далоў Лукашжэнку!”, “Жыве Беларусь!”. Мінакам раздавалі ўлёткі з інфармацыяй пра наступствы ядзернай катастрофы ў Беларусі.

   На акцыі былі прысутныя журналісты і група расейскамоўнага тэлебачаньня. Акурат у гэты час у штаб-кватэры ААН адбывалася паседжаньне, прысьвечанае трагічнай гадавіне.

Віталь ЗАЙКА

 -------------------------------------------