E-KRAMA.COM - нашая старонка ў Нью-Ёрку

Электронная крама <> Бюлетэнь "Весткі й Паведамленьні" <> Альманах "Беларус" <> Архіў газэты "Беларус"
Галоўная Навіны Абвесткі Крама "Весткі й Паведамленьні" "Рубікон" Альманах "Беларус" Архіў газэты "Беларус" Кантакты Member Login


№ 12 (670) за сьнежань 2021 г.


  

Беларусь - Амэрыка: лёсы землякоў

Кастусь Калоша і Сяргей Карніловіч - беларускія грамадзкія дзеячы ў штаце Агаё

      У складзе гэтай сэрыі “Беларусь - Амэрыка: Лёсы землякоў”, якая ўжо пэўны час выходзіць у бю­летэні “Весткі й Паведамленьні””, а спа­чатку ў газэце “Беларус”, дасюль былі пераважна асобы, што адзначыліся на грамадзкай культурніцкай глебе бела­рускай грамады ў Амэрыцы. Аднак “за кадрам” засталіся людзі, што зрабілі мажлівымі дасягненьні сваіх суайчынь­нікаў, што займаліся працай “штодзён­най, шэрай”, якая не прыцянула пасьля шмат увагі дасьледчыкаў-гісторыкаў. Між тым гэтыя дзеячы былі ня менш важныя і значныя. Сярод іх і прадстаў­нікі беларускай грамады ў Агаё, у рэ­гіёне Кліўлэнд-Стронгсвіль, Кастусь Калоша і Сяргей Карніловіч. Яны нале­жаць да пакаленьня паваеннай імігра­цыі, што залажыла падваліны беларус­ка­га грамадзкага жыцьця і беларускай прысутнасьці ў Амэрыцы, якімі мы ка­рыстаемся па сёнешні дзень.

      У штаце Агаё знайшлося двое ах­вярных людзей, якія стварылі гра­мадзкі й рэлігійны асяродак, які спрыяў канса­лідацыі сярод беларусаў штату. Кастусь Калоша і Сяргей Карніловіч уклалі перш свае ўласныя грошы ў набыцьцё зямлі ў Стронгсвілі, што ў ваколіцах Кліўлэнду, і затым здолелі разбудаваць грамадзкую працу сярод мясцовых беларусаў і ства­рылі Бела­рускі Грамадзкі Цэнтар “По­лацак”, што працягвае сваю дзейнасьць і сёньня.

      Кастусь Калоша нарадзіўся ў 1924 годзе, у вёсцы Нагорная Баранавіцкага раёну. У 1944 годзе скончыў Барана­віц­кую гандлёвую школу, і ўлетку таго ж году выехаў на эміграцыю. Пасьля вай­ны быў у ДП-лягерох ў Рэгенсбургу і Розэнгайме, Нямеччына. Займаўся рэ­гістрацыяй ДП, выдаваў дакумэнты. Зарганізаваў аркестар пры лягеры. Ву­чыўся ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Міхельсдорфе й Віндышбэр­гердорфе. У 1950 годзе прыехаў у Злу­чаныя Штаты, скончыў інжынэрны курс на ўнівэрсытэце штату Мічыган у Лэн­сынгу, пасьля атабарыўся ў Кліў­лэндзе (Агаё). Калоша быў сябрам Бе­ларускага Студэнцкага Таварыства, пазьней Бе­ларуска-Амэрыканскага Та­варыства (БААТ), а таксама заснаваль­нікам дру­карскай выдавецкай суполкі “Пагоня”, дзе друкавалі падручнікі для дзяцей, да­паможныя матэрыялы. Разам з Карні­ловічам быў фундатарам і адным з засна­вальнікаў Грамадзка-культурнага цэн­тру “Полацак”. Таксама К. Калоша быў стваральнікам архіву беларусаў Кліў­лэнда, арганізатарам беларускіх вы­ста­ваў. Кастусь Калоша браў актыўны ўдзел у беларускім рэлігійным жыцьці, быў рэгентам царкоўнага хору пры цар­кве Маці Божае Жыровіцкае, удзель­нікам хору “Васілёк”. У грамадзкай дзейнасьці адзначыўся дзейным ініцыя­тыўным сябрам БАЗА і Рады БНР. Шмат разоў ён прыяжджаў у Беларусь з гру­зам дапамогі ахвярам Чарнобыля, а так­сама дапамогі сэмінарыстам у Жыро­ві­чах. З хорам “Васілёк” Кастусь Кало­ша выступаў у Менску ды іншых гарадах Беларусі. Памёр у 2004 годзе, па тэста­мэнце ён пахаваны на сваёй радзіме.

      Сяргей Карніловіч нарадзіўся ў 1929 годзе ў вёсцы Таргуны Докшыцкага раёну цяпер Віцебскай вобласьці. Пад­час вайны, у 1943 годзе, быў вывезены на прымусовую працу ў Нямеччыну. Пасьля вайны быў у ДП-лягеры ў Рэ­генсбургу, вучыўся ў Беларускай гімна­зіі імя Янкі Купалы, браў удзел у скаў­тынгу. У 1949 годзе перабраўся ў ЗША ў Кліўлэнд. Працаваў у малочнай індус­трыі, перавозіў малако. Быў сябрам і таксама старшынём Згуртаваньня Бела­рускай Моладзі Кліўлэндзкага аддзелу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночань­ня. Стаў адным з ініцыятараў стварэнь­ня прыходу Божай Маці Жыровіцкай Беларускай Аўтакефальнай Праваслаў­най Царквы (БАПЦ) у Кліўлэньдзе ў 1951 годзе, і доўгі час быў старшынём Парафіяльнай рады. Разам з К. Калошам быў ініцыятарам і фундатарам стварэнь­ня беларускага Грамадска-культурнага цэнтру “Полацак” і стаў ягоным кіраў­ніком. Пазьней зрабіўся актыўным дзе­ячам дабрачыннага  Камітэту па ака­заньні дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі пры парафіі БАПЦ у Кліў­лэньдзе. Браў удзел у працы Першага Кангрэсу Беларусаў Сьвету ў Менску ў ліпені 1993 году. Памёр у кастрычніку 1993 году.

      Па словах Вітаўта Кіпеля, Кастусь Калоша і Сяргей Карніловіч былі ахвяр­нымі нацыянальнымі актывістамі, што шчодра ахвяравалі на розныя беларускія грамадзкія і выдавецкія праекты, а ў ча­сы калі Беларусь была для іх закры­тая, езьдзілі дапамагаць у грамадзкіх справах беларусам Беласточчыны. Абод­ва пакі­нулі значны сьлед у гісторыі беларускай грамады ў Амэрыцы.

Віталь ЗАЙКА