№ 5 (687) за травень 2023 г.
Беларусь - Амэрыка: лёсы землякоў
Янка Юхнавец (1921 - 2004), паэт і мастак
Янка Юхнавец, беларускі паэт, празаік, драмутург, а таксама мастак і скульптар, (карыстаў псэўдонімы Я. Юхна, К. Юхневіч, Я. Ю.) нарадзіўся 3 лістапада 1921 году ў вёсцы Забродак каля Бягомлю (цяпер Докшыцкі раён Віцебскай вобласьці) у сялянскай сям’і. Перад Другой сусьветнай вайной будучы пісьменьнік скончыў сярэднюю школу. Падчас вайны Бягомельшчына стала арэнаю інтэнсіўных партызанскіх і супрацьпартызанскіх дзеяньняў, якія трагічна адбіваліся на мясцовым насельніцтве. Бацькі Юхнаўца і пяцёра малодшых братоў былі спаленыя карнікамі, а сам Янка Юхнавец быў арыштаваны службаю СД і вывезены летам 1944 году ў Нямеччыну. Пасьля вайны Юхнавец вырашыў не вяртацца на Бацькаўшчыну і стаў “перамешчанай асобай” ДП у Нямеччыне. Ён жыў у лягерах для перамешчаных асобаў у Рэгенсбургу, Міхэльсдорфе і Розэнгайме ў 1945-1949 гадох. Юхнавец скончыў Беларускую гімназію імя Янкі Купалы ў Міхельсдорфе-Віндышбэргердорфе.
Юхнавец цікавіўся заходнеэўрапэйскай літаратурай і сам пачаў пісаць вершы. Ягоныя першыя творы былі надрукаваныя ў 1947 годзе ў часапісе “Шыпшына”. Юхнавец працягваў вучыцца і ў 1949 годзе скончыў Вольны ўнівэрсытэт у Мюнхэне па спэцыяльнасьці заходнеэўрапэйскае права. У тым жа годзе ён пераехаў у ЗША. Ён далучыўсая да беларускай грамады і належаў да такіх арганізацыяў як Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне (БАЗА), Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва (БІНіМ), а таксама да Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы (БАПЦ). Юхнавец публікаваўся ў выданьнях “Шыпшына” і “Сакавік” у Нямеччыне“, у “Конаднях” (ЗША) і ў “Баявой Ускалосі” (Канада). У 1955 годзе ў Нью-Ёрку выйшла кніга паэзіі “Шорах Моўкнасьці”, што стала праграмнай, задала кірунак на наступныя гады. Затым былі “Новая элегі” (1964), “Калюмбы” (1967), “Дань майго часу” (1993), “Урачыстасьць у садзе. Драматычныя начыркі” (1996).
Першыя творы Янкі Юхнаўца былі насьцярожана прынятыя ягонымі калегамі – беларускімі літаратарамі замежжа. Засяроджваючы сваю творчасьць на нутраной індывідуальнай свабодзе, на асабістым выбары й асабістай адказнасьці, Юхнавец тэматычна адрозьніваўся ад распаўсюджаных у той час матываў настальгіі, патрыятычнай ангажаванасьці і грамадзкай актыўнасьці, што былі характэрныя для беларускіх паэтаў-эмігрантаў. Таксама ў пляне формы ўжываны Юхнаўцом верлібр, хоць і ўведзены ўжо раней у беларускую літаратуру Максімам Багдановічам, успрымаўся чытачамі й крытыкамі хутчэй як экзатычная, непрыдатная для шырэйшага ўжытку цікавостка. Таксама не былі прыярытэтныя для творчасьці Юхнаўца клясычная выкшталцонасьць формы і празрыстасьць сэнсаў. Лічыцца, што на Юхнаўца зрабілі вялікі ўплыў, акрамя Купалы і Багдановіча, яшчэ і Эзра Паўнд, Эдгар По, Ўолт Ўытмэн і Т. С. Эліёт. Па свабоднай і адкрытай да інтэрпрэтацыяў форме крытыкі лічаць паэтычныя творы Янкі Юхнаўца блізкімі да паэзіі Алеся Разанава. Значную ролю ў паэзіі Юхнаўца адыграе беларускі фальклёр і філязофскія матывы.
Таксама варта адзначыць мову Юхнаўца, што стала адметным элемэнтам ягонага стылю. У сваёй творчасьці Юхнавец актыўна ўжываў дыялектызмы сваіх родных мясьцінаў і стварыў свой адмысловы творчы слоўнік. Крытык і паэт Ян Чыквін лічыў, што Юхнавец па форме й зьмесьце быў папярэднікам амэрыканскіх паэтаў “бітнікаў”, а гісторык літаратуры Арнольд Макмілін уважае яго за сапраўднага паэта-авангардыста, бадай адзінага сярод прадстаўнікоў свайго пакаленьня. Зборнікі паэзіі Янкі Юхнаўца выходзілі ў Беларусі ў 1994 і 2012 гадох.
Таксама важнаю часткаю спадчыны Юхнаўца зьяўляюцца проза і драматычныя творы. Яны, як і ягоная паэзія, нясуць моцны адбітак стылістыкі й моўных інавацыяў аўтара, якога крытыкі ўважаюць прадстаўніком “падакупацыйнай” ваеннай прозы, якая набывае апакаліптычнае гучаньне, але цалкам незалежная ад савецкай традыцыі літаратуры пра вайну. На 100-годзьдзе Янкі Юхнаўца выйшла кніга ягонай прозы, апавяданьняў і дзёньнікавых запісаў пад рэдакцыяй Лявона Юрэвіча і Натальлі Гардзіенкі, якія шмат зрабілі для папулярызацыі творчасьці пісьменьніка.
Жывапісныя і скульптурныя творы Янкі Юхнаўца менш вядомыя на Бацькаўшчыне і яшчэ чакаюць уважлівай дасьледчай працы. Таксама застаецца невыдадзеным яшчэ шэраг твораў Юхнаўца.
Янка Юхнавец памёр 6 студзеня 2004 году, і неўзабаве Фундацыя Крэчаўскага заснавала Літаратурную прэмію імя Янкі Юхнаўца для спрыяньня разьвіцьцю літаратуры на чужыне.
Віталь ЗАЙКА