E-KRAMA.COM - нашая старонка ў Нью-Ёрку

Электронная крама <> Бюлетэнь "Весткі й Паведамленьні" <> Альманах "Беларус" <> Архіў газэты "Беларус"
Галоўная     Навіны     Абвесткі     Крама    
"Весткі й Паведамленьні"   
"Рубікон"     Альманах "Беларус"     Архіў газэты "Беларус"    Кантакты   

 

АПОШНІЯ ПАДЗЕІ 

Мітынг салідарнасьці каля будынка ААН

​​​​​​​

      У сераду, 9 жніўня 2023 году,  пе­рад штаб-кватэрай ААН на Ман­гэтане прайшоў мітынг, які быў супольна арганізаваны Беларуска-Амэ­рыканскім Згуртаваньнем “Пагоня”, Бе­ларуска-Амэрыканскім Задзіночань­нем (БАЗА) і Аб’яднаньнем Беларусаў у Амэрыцы (АБА). Мітынг быў прысьве­ча­ны гадавіне масавых пратэстаў у Бе­ла­русі, якія адбыліся ў жніўні 2020 году і сталі самай важнай падзеяй для Белару­сі за апошнія некалькі дзесяцігодзьдзяў.

      Тры гады прайшло, як народ Бела­ру­сі ўзьняўся бараніць свой дэмакратычны выбар. Сотні тысяч беларусаў, беспрэцэ­дэнтная колькасьць людзей, якія раней не цікавіліся палітыкай, выйшлі на пло­шчы і вуліцы вялікіх і малых гарадоў кра­іны, адчуўшы еднасьць, убачыўшы салі­дарнасьць. Цяпер мы адзначаем гэтую і велічную, і трагічную падзею і патрабуем спыніць рэпрэсіі й перасьлед у Беларусі, катаваньні й забойствы, спыніць саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў злачынствах агрэ­сіўнай Расеі, патрабуем свабоды для ўсіх палітзьняволеных у Беларусі.

      Напачатку імпрэзы выступіў стар­шы­ня Беларуска-Амэрыканскага Згур­та­ваньня “Пагоня” сп. Віталь Зайка. Ён па­дзякаваў прысутным за ўдзел у мітын­гу, які праводзіцца ў будні дзень. “Ме­на­віта тры гады спаўняецца сёньня з часу най­вялікшага ўздыму беларусаў, калі яны падняліся бараніць свае правы і свой дэ­макратычны выбар. Нажаль, справа, па­чатая гэтым уздымам, прыход да ўла­ды кіраўніцтва, якое было б законна абра­ным, а не ўзурпаваўшым уладу, як гэта адбываецца ўжо колькі гадоў – пакуль не завершылася перамогай. Велізарная энэргія і спадзяваньні людзей не былі на­лежна скарыстаныя і скіраваныя на ўста­ляваньне свабоды й дэмакра­тыі ў Бела­русі. Але тая энэр­гія ня зьнікла, не рась­церу­шы­лася, і рэжыму не ўдалося зла­маць волю народу да сва­боднай, дэма­кра­тычнай, са­праўды незалежнай і са­праў­ды беларускай краіны. Бела­рускія людзі працягваюць зма­гацца, як на Баць­каўшчы­не так і за яе межамі, яны па­шы­раюць дапамогу паліт­зьня­воленым і іх­ным сем’ям, яны працуюць на тое, каб на Баць­каўшчыне ўсталявалася дэма­кра­тыя і законнасьць.” Пра­моўца прачытаў сьпіс бела­ру­саў, што загінулі, баронячы будучыню сваёй краіны, і пер­шым ў гэ­тым сьпісе стаіць імя Аляксандра Тарай­коўскага. “Мы ня ведаем, колькі яшчэ жыцьцяў за­бярэ гэтае змаганьне, і коль­кі людзей у турмах і лягерах знаходзяц­ца цяпер на мяжы жыцьця і сьмерці, каб пасьля за­гінуць як Вітольд Ашурак, Мі­калай Клі­мовіч і Алесь Пушкін. Але ўсе гэтыя лю­дзі не забытыя, і ўсе хто знахо­дзіцца за кратамі – мусяць быць пад на­шай піль­най увагай і дапамогай, каб іх не напат­каў трагічны несправядлівы лёс. Мы му­сім яднацца і працаваць на агуль­ную справу свабоды ў Беларусі”.

      Затым выступіла сп-ня Ганна Шарко. Яна прывітала прысутных і распавяла пра важнасьць падзеяў 2020 году і такса­ма выказала горыч дзеля таго, што ўжо тры гады ў Беларусі працягваюцца рэ­прэсіі, што тысячы людзей мусілі пакі­нуць Бацькаўшчыну і шукаць бясьпекі й нармальнага жыцьця на чужыне. Мы ў Вольным Сьвеце павінны дапамагаць сваім брата і сёстрам, што цяпер знахо­дзяцца за кратамі, і мусім шукаць адзін­ства і салідарнасьці, каб перамагчы ў ня­лёгкім змаганьні за свабоду і дэмкратыю.

      Сп-ня Ганна Сурмач падкрэсьліла, што падзеі жніўня 2020 году – гэта і ве­лічная, і трагічная памяць, бо гэты бес­прэцэдэнтны па колькасьці ўздым мог бы прывесьці да перамогі, але шанцы, якія паўсталі ў тыя дні, не былі належна ска­рыстаныя. Таму мы мусім помніць геро­яў, што заплацілі жыцьцём і свабодаю за набліжэньне перамогі, але таксама му­сім аналізаваць і плянаваць нашыя спра­вы так, каб не паўтарыць памылкі па­пя­рэдніх часоў.

      Затым сп. Ільля, малады чалаве, што браў удзел у мітынгу, прывітаў прысут­ных і падкрэсьліў, што пасьля падзеяў 2020 году беларусы ня мо­гуць і ня маюць права ся­дзець склаўшы рукі, ім неаб­ход­на аб’ядноўвацца і пашы­раць грамадз­кую працу, асаб­ліва ў бела­рускіх супол­ках у замежжы, у Вольным Сьве­це. “Вельмі радасна бачыць, што сярод нас столькі маіх раўна­лет­каў, столькі мола­дзі. Гэта ­дае надзею й веры ў нашую пе­ра­мо­гу. Мы можам і павінны пера­маг­чы!”

      Прысутныя трымалі пля­каты й бела­рус­кія нацыя­нальныя сьцягі, выгукалі лё­зунгі “Беларусь – ТАК! Лу­ка­шэнка – НЕ!”, “Спыніць ка­таваньні й забойствы ў Бела­русі!”, “Свабоду паліт­вязь­ням у Бела­ру­сі!”

Віталь ЗАЙКА

Марш Паняволеных Народаў у Нью-Ёрку


      У нядзелю, 16 ліпеня 2023 году, на Мангэтане прайшоў Марш Па­няволеных Народаў. Гэтая імпрэ­за, што адбываецца ўжо ў 65-ты раз, бы­ла зладжаная прадстаўнікамі Камітэту Паняволеных Народаў з удзе­лам Бела­руска-Амэрыканскага Згурта­ваньня “Па­­гоня”. Звычайна Маршам ад­крываецца Тыдзень Паняволеных Наро­даў, запачат­каваны ў 1959 годзе, дзяку­ючы высілкам прадстаўнікоў народаў, што былі паня­во­леныя савецкім камуніз­мам, сярод якіх актыўную ролю адыгра­лі сябры арганіза­цыяў беларусаў і ўкра­ін­цаў у ЗША. 

      Камітэт Паняволеных Народаў, што займаецца правядзеньнем Тыдня, быў створаны намаганьнямі ўкраінца прафэ­сара Джорджтаўнскага ўнівэрсытэту Іль­ва Дабранскага, прадстаўніка Ўкраін­скага Кангрэсовага Камітэту, а таксама Івана Касяка зь Беларускага Кангрэсова­га Камітэту, Міколы Гарошкі зь Беларус­ка-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА). Сярод іншых беларускіх актывістаў вар­та згадаць такіх асобаў як Міхась Ту­лейка, Мікола Кунцэвіч, Антон Шуке­лойць, Міхась Сенька. Беларусы ўдзель­нічалі ў Тыднях Паняволеных Народаў у розных гарадах Амэрыкі.

      У якасьці перадгісторыі гэтай імрэ­зы варта згадаць, што ў сярэдзіне 1950-х гадоў Саветы актывізавалі спробы прад­ставіць свае калёніі, БССР і ЎССР, як ні­быта сувэрэнныя “савецкія сацыялістыч­ныя” дзяржавы, спрабаваў прызнаньня асобных амбасадаў і прапагандаваў фік­цыйны росквіт нацыянальных культураў у СССР. З падтрымкай ідэі амбасадаў для савецкіх рэспублікаў выступіў нават шэраг амэрыканскіх кангрэсмэнаў, што памылкова ўважалі, нібыта тое паспры­яе стану нацыянальных групаў у Саве­тах. Прадстаўнікі народаў паняволеных савец­кім камунізмам, а найперш украінскія і беларускія арганізацыі, былі абураныя такой хлусьлівай прапагадысцкай кам­паніяй і вырашылі стварыць Камітэт Па­няволеных Народаў, які аб’яднаў бы апа­нэнтаў савецкага камунізму і скаардына­ваў бы дзеяньні па ўплыву й інфарма­ваньні Кангрэсу, Сэнату і прэзыдэнта Злучаных Штатаў, а таксама кожную ін­шую афіцыйную амэрыканскую структу­ру ў пляне падтрымкі вызваленьня на­родаў, а таксама мог бы мэтанакіравана інфармаваць амэрыканскае грамадзтва пра стан справаў ды камуністычны ўціск пад Саветамі. Да Камітэту далучыліся ін­шыя нацыянальныя арганізацыі народаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, што трапілі пад камуністычнае панаваньне.

      У выніку ў Амэрыцы ўтварыўся ўплывовы антыкамуністычны асяродак, добра інфармаваны і каардынаваны, які здолеў прыцягнуць на свой бок шэраг амэрыканскіх палітыкаў, што правялі ў Кангрэсе законапраект аб заснаваньні Тыдня Паняволеных Народаў з увагаю на тыя нацыі, што апынуліся пад каму­ністычным і дыктатарскім панаваньнем. Трэці тыдзень месяца ліпеня кожны год абвяшчаўся Тыднем Паняволеных Наро­даў. Неўзабаве прэзыдэнт Айзэнгаўэр пад­пісаў “Грамадзкі закон 86-90”, і Тыдзень Па­няволеных Народаў стаў штогод ма­сава адзначацца прадстаўнікамі ўсіх па­няво­леных народаў, пераважна з Усход­няй і Цэнтральнай Эўропы.

      Усе гэтыя дзеяньні трапілі пад увагу савецкіх прадстаўнікоў, і ўжо ў 1959 го­дзе М. Хрушчоў на сустрэчы з віцэ-прэ­зыдэнтам Р. Ніксанам паскар­дзіўся пад­час перамоваў па Бэрлінскім крызісе на варожасьць Амэрыкі і абвіна­ваціў ЗША ў падрыхтоўцы развалу Са­вецкага Саю­зу, прыводзячы як доказ, стварэньне Ка­мітэту Паняволеных Народаў і рэзалю­цыі ў Кангрэсе ЗША адносна яго.

      У далейшым дзейнасьць Камітэту Па­няволеных Народаў і ягоныя імпрэзы ста­лі часткаю змаганьня супраць савец­кай камуністычнай сыстэмы, і ў выніку па­дзеяў 1989-1991 у краінах Усходняй і Цэнтральнай Эўропы камуністычнае па­наваньне зьнікла, Савецкі Саюз быў раз­бураны, і ўтварылася незалежная Рэс­публіка Беларусь. Тады дзейнасьць Камі­тэту Паняволеных Народаў і Ты­дзень Па­няволеных Народаў заняпалі. Але ад 1995 году, неўзабаве пасьля пры­ходу да ўлады Лукашэнкі, беларускія ар­ганізацыі адна­вілі правядзеньне Тыдня Паняволеных Народаў і застаюцца самымі актыўнымі ўдзельнікамі й да гэтага часу.

      Сёлета Тыдзень Паняволеных Наро­даў праводзіўся у скарочаным фармаце, у прыватнасьці дзеля таго, што ня быў атрыманы дазвол ад адміністрацыі Сабо­ру Сьв. Патрыка на правядзеньне асьвя­чэньня сьцягоў Паняволеных Народаў і імшы за Паняволеныя Народы, што рабі­лася шмат год перад тым. Гэта зьвязана з адыходам ад кіраўніцтва справамі Са­бору пробашча-рэктара мансінёра Робэр­та Рычы і прыходу новай асобы, а. Кінга. Таксама правядзеньню сёлетняга мера­прыемства не спрыяла надвор’е – з са­май раніцы і цэлы дзень ішоў дождж, які часьцяком ператвараўся ў навальніцу. За ўсю гісторыю ўдзелу аўтара гэтых рад­коў у імпрэзе адкрыцьця Тыдня Паняво­леных Народаў гэта быў хіба адзіны вы­падак, калі цэлы час ішоў дождж.

      Удзельнікі імпрэзы сабраліся каля га­тэлю Пляза, пад рыштаваньнямі, што давалі дзе схавацца ад дажджу. У гэтым годзе ўдзельнікаў было менш, чым у па­пярэднія гады. Прысутныя выйшлі зра­біць агульны фатаздымак перад Пулі­цар-фатанам ля гатэлю Пляза. Потым усе вы­рушылі па 59-й вуліцы ўбок Ка­люмбус-цыркулю і Мэйн-манумэнту на рагу Бродўэю і 59-й вуліцы. Па дарозе гучэлі заклікі “Свабоду Беларусі!”, “Сва­боду Вэнэсуэле!”, “Свабоду Тыбету!”, “Сва­боду ўсім Паняволеным Народам!” 

      Зрабіўшы фатаздымкі на памяць ка­ля Мэйн-манумэнту пры ўваходзе ў Сэн­трал-Парк, прысутныя затым сталі там у шэ­раг, і адбыло­ся адкрыцьцё Тыдню Па­няволеных На­родаў у Нью-Ёрку. Пра­гу­чэлі ўшана­вань­не сьцягу і гімн ЗША. Сп. Яан Куўм, са­кратар Камітэту Паня­во­ле­ных Народаў, прывітаў прысутных і вы­казаў патрэбу кансалідацыі сілаў для пе­рамогі над ка­муністычнай і постса­вец­кай тыраніяй. Ён распавёў пра дэкляра­цыю прэзыдэн­та ЗША і прачытаў рэза­люцыю ўдзель­нікаў адкрыцьця Тыдню Паняволеных Народаў.

      З-за залевы імпрэза была ска­роча­ная. Сёлета была мажлівасьць удзелу ў імпрэзе ўдзельнікаў зь ліку прадстаўні­коў паняволеных народаў з Ра­­сеі, але яны ў апошні момант былі за­прошаныя на ме­рапрыемствы Тыдню Паняволеных На­родаў у Вашынгтоне, ладжаных Фун­да­цыяй Ахвяраў Камунізму.

Віталь ЗАЙКА

​​​​​​​

Сьвяткаваньне 105-х угодкаў незалежнасьці Беларусі ў Нью-Ёрку


      У нядзелю, 26 сакавіка 2023 году, у грамадзкай залі пры Саборы Сьв. Кірылы Тураўскага ў Брук­ліне прайшло сьвяткаваньне Дня Волі – 105-х Угодкаў Незалежнасьці Беларус­кай Народнай Рэспублікі, якую ладзіла Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне (БАЗА) сумесна з Парафіяльнай Радай Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага пры пад­трымцы Асацыяцыі Беларусаў Амэрыкі (АБА).

      Імпрэза пачалася сьпяваньнем бела­рускага нацыянальнага гімну “Мы вый­дзем шчыльнымі радамі”. Напачатку імпрэзы зь віншаваньнем да прысутных зьвярнулася Старшыня Нью-Ёрскага ад­дзелу БАЗА сп-ня Аксана Пятрашка, якая павіншавала прысутных і пажадала прыемна і зьмястоўна паўдзельнічаць у адным з самых важных для беларусаў сьвятаў. Старшыня Галоўнай управы БАЗА сп-ня Натальля Федарэнка пад­крэсьліла значнасьць Акту 25 Сакавіка 1918 году, як падмурку, на якім быў збу­даваны шлях да Незалежнай Беларусі, і выказала ўдзячнасьць усім, хто змагаўся і змагаецца дзеля набліжэньня лепшай будучыні Беларусі. Быў прачытаны Зва­рот Старшыні Рады БНР сп-ні Івонкі Сурвіллы, дзе яна, між іншага, адзначае, што мы перажываем нялёгкія часы, і што “беларусы павінны як наймацней словам і справай прадэманстраваць сьвету, што яны на баку сілаў дабра... і каб ніхто ня надумаў аддаць Беларусь крываваму ты­рану, што разьвязаў вайну, узамен на мір ва Ўкраіне”.

      Затым з дакладам пра 105-я ўгодкі абвешчаньня Незалежнасьці Беларус­кай Народнай Рэспублікі выступіў на­месьнік старшыні Нью-Ёрскага аддзелу БАЗА сп. Міхась Чаропка. Ён распавёў пра міжнароднае становішча і агульную сытуацыю на беларускіх землях у пер­шыя дэкады 20-га стагодзьдзя, і пра рас­клад сілаў падчас драматычных падзеяў расейскай рэвалюцыі й Першай сусьвет­най вайны ў Беларусі, пра беларускія арганізацыі й партыі ў тыя часы. Затым прамоўца распавёў пра беларускую на­цыянальную дзейнасьць і ўтварэньне Беларускай Рады, якая ў сваіх трох Устаўных Граматах адпаведна абвесьці­ла Беларусь зьдзяйсьняючай самавы­значэньне, абіраючай дэкаратычны лад і зацьвярджаючай сваю дзяржаўную не­залежнасьць. Сп. Чаропка нагадаў ас­ноўныя падзеі таго часу, кульмінацыяй якіх стала прыняцьце Трэцяй Устаўнай граматы і абвешчаньне Беларусі неза­лежнай і вольнай дзяржавай. Даклад суправаджаўся дэманстраваньнем слай­даў з фатаздымкамі й дакумэнтамі той пары.

      Затым з падборкаю песень, прысьве­чаных патрыятычнай тэмтыцы, выступіў слынны паэт і бард, а таксама драматург і перакладчык сп. Сяржук Сокалаў-Воюш. У ягоным выкананьні прагучэлі песьні “Ніколі ня будзе над намі Расея”, творчы пераклад на беларускую мову славутай “Бэла Чао” – “Бывай, красу­ня” (“Мы беларусы, мы людзі волі – маў­чаць даволі...”), і бадай што найвя­домая песьня гэтага музыкі “Аксамітны летні вечар”. У залі было шмат моладзі.  Сёлетнюю імпрэзу наагул можна сьмела лічыць рэкорднай па колькасьці ўдзель­нікаў. Аднак амаль ніхто з прысутных не пад­пяваў артыстам – гэта тлумачыцца, напэўна, за­ўсёднай беларускай сарамлі­васьцю, але таксама і незнаёмасьцю з тэкстамі на­цыянальнаарыентаваных пе­сень і адсутнасьцю ў нас сьпеўнай куль­туры на­агул, што робіць націск на луч­насьць у песьні, на адчуваньне ед­насьці сьпяваючых – карацей кажучы, нам усім ёсьць над чым пра­цаваць, як высту­поўцам, так і слухачам. Сп. Со­ка­лаў-Воюш напрыканцы сказаў, што спа­дзя­ецца наступную гадавіну БНР – на­шага найвялікшага нацыянальнага сьвята – адзначыць на Бацькаў­шчыне, у вольнай і са­праў­ды не­за­леж­най Бела­русі.

      Сп-ня Аліна Коўшык, журналістка і гісторык, прывітала прысутных ад імя Аб’еднанага Пераходнага Кабінэту Бе­ларусі, як ягоная прадстаўніца па нацы­янальным адраджэньні. Яна павін­ша­ва­ла прысутных са сьвятам і, у пры­ват­насьці, адзначыла, што нашыя каш­тоў­насьці: Волю, Гонар, Незалежнасьць ба­роняць ня толькі ваяры-каліноўцы, але і кожны адказны грамадзянін, хто лю­біць сваю Бацькаўшчыну, хто размаўляе па-беларуску, хто падтрымлівае нацыя­нальную культуру, чытае беларускія кнігі, хто ахвяруе свой час, сілы і сродкі на грамадзкую, агульную справу. “Трэ­ба, каб кожны ўзьняў свой сьцяг – сьцяг асабістага ўдзелу, асабістай адказнась­ці. Ніхто за нас ня зробіць нашай працы. Прыйшоў час перамагаць!”

      Сп. Алесь Пазьняк падкрэсьліў важ­насьць Акту 25 Сакавіка 1918 году і пра­чытаў тэкст прынятай у той дзень Трэ­цяй Устаўнай граматы Рады БНР, што абвесьціла незалежнасьць Беларусі ў яе этнаграфічных межах. Сп. С. Сокалаў-Воюш дадаў, што нашыя Ўстаўныя гра­маты згадваюць ня толькі правы і сва­боды, але і нашыя землі, і таму сёньня, каб вы­значыць, хто ёсьць хто, можна пытацца ня толькі “Чый Крым?”, але і “Чыя Сма­леншчына?” – пытаньне будзе лакмусавай паперкай поглядаў дадзена­га чалавека.

      Затым ад імя Беларуска-Амэры­кан­скага Згуртаваньня “Пагоня” вступіў ягоны старшыня сп. Віталь Зайка. Ён прывітаў прысутных і павіншаваў з най­вялікшым беларускім нацынальным сьвятам. Ён падзякаваў арганізатарам за выдатную актыўнасьць і дадаў, што ў бе­ларусаў ёсьць фактычна ўсе складнікі для перамогі й нармальнага жыцьця, але цяпер найбольшую ўвагу трэба надаць най­менш дагледжанаму складніку – ед­нась­ці й салідарнасьці, і пажадаў, каб для гэ­тага прыкладалася як найболей высіл­каў.

      Наступнаю чаткаю імпрэзы быў эмацыйны й узрушваючы выступ сп-ні Вольгі Казак-Анлар, прадстаўніцы этна-трыё сям’і Казакоў. Вольга – пасьпя­хо­вая сьпявачка і кампазытар. Яна коратка распавяла пра сябе і выканала пад уласны акампанэмэнт вельмі ўзрушаю­чую песьню “Белая-белая, сьветлая-сьветлая”, а таксама песьні “Легенда-крыніца”, “Дзяўчына-вясна” і песьню “Карагод”, з дапамогай якой сьпявачка здолела разварушыць прысутных, што пачалі танчыць у карагодзе.

      Сп-ня Ірына Хадарэнка павіншавала прысутных ад імя Беларускай Асьвет­ніцкай Лігі Амэрыкі і прадставіла пры­сутным выставу мастака-графіка Зьміт­ра Шапавалава зь Менску, які цяпер жы­ве ў Варшаве. Творчасьць Шапава­лава засяроджаная на гістарычных тэ­мах і асобах, зьвязаных зь Беларусьсю. Ірына распавяла, як яна пазнаёмілася са сп. Шапавалавым, і прэтэкстам знаёмства  зь ім стала бела­руская мова. “Наагул беларуская мова – гэта маркер сапраўд­нага бела­руса. Да­вайце размаўляць па-беларуску, давайце падтрымліваць пры­сутнасьць беларусаў і прысутнасьць беларус­касьці”.

      Пасьля смачнага абеду, падрыхта­ванага арганізатарамі, адбыўся канцэрт музыкі сп. Зьмітра Вайцюшкевіча. Сам Зьміцер паходзіць зь Лідчыны, і ён гус­тоўна і тактоўна перамяжаў выкананьне песень своеасаблівым стэнд-апам і кан­фэрансам з прынагодных цікавостак і ўспамінаў, зьвязаных з тым ці другім творам. Напачатку сп. З. Вайцюшкевіч адзначыў, з іранічнай спасылкай на сп. Зянона Пазьняка, што ён, як выканаў­ца, – “агентура Някляева”, шмат карыс­тае ў сваёй творчасьці з тэкстаў гэтага паэта. Дарэчы, як згадаў вытупоўца, сам сп. З. Пазьняк прыйшоў на ягоны кан­цэрт у Варшаве і падпісаў музыку сваю кнігу. Першай прагучэла песьня “Наш Сьцяг”, вельмі эмацыйны і кранальны твор, што мог бы стаць, а можа і ста­но­віцца, гімнам сёнешняга часу, зма­ганьня нашых сучасьнікаў супраць ты­раніі. Затым была песьня “Сакавік”. Так­сама прагучэла клясычная “Песьня пра Нё­ман”, а таксама вядомы “Палянэз” Агін­скага са словамі ў перакладзе С. Сока­лава-Воюша (“Беланэз”). Сп. Вайцюш­кевіч распавёў, што ён таксама стварае і выконвае шмат дзіцячых пе­сень, якія могуць быць цікавымі ня толькі дзецям, але і дарослым. Прагучэлі песьні “Стра­каза”, прыпевам якой, “Зы-зы-зы”, сьпя­вак здолеў мабі­лізаваць і аўдыторыю, “Чу­батка” і “Янка і санкі”. Таксама пры­сут­ныя паслухалі ў беларускім гучаньні песьні “Бярозавы сок”, “Ты і Я”,  і “На шалях”. Гледачы былі глыбока ўзруша­ныя і ўсьцешаныя выступам сп. Вай­цюш­ке­віча і ягонай майстэрскай прэ­зэн­тацыяй сваіх твораў.

      Напрыканцы імпрэзы ўдзельнікі яе сабраліся для агульнага фатаздымку пе­рад уваходам у будынак, каля бюстаў на­шых слаўных землякоў Тадэвуша Кась­цюшкі й Кастуся Каліноўскага. Над Атлянтык авэню прагучэлі гучныя по­клічы “Жыве Беларусь!” і “Слава Ўкраі­не!”

Віталь ЗАЙКА

 


Прэзэнтацыя альманаха "Беларус" за 2022 г.

      У суботу, 26 лістапада 2022 г., у грамадзкай залі Сабору Сьв. Кі­рылы Тураўскага ў Брукліне ад­былася прэзэнтацыя альманаху “Бела­рус” за 2022 год. Зборнік літаратурных працаў, які выходзіць ужо цягам 15 год у Нью-Ёрку, стаў творчай пляцоўкай аўта­раў, што пішуць па-беларуску ў за­меж­жы. Рэдактарам выданьня зьяўля­ецца сп. Марат Клакоцкі, што ад самага па­чатку быў адказны за ўсе бакі пад­рых­тоўкі выданьня, і цяпер прадставіў гра­мадзкасьці ўжо шаснаццаты выпуск. 

      Напачатку імпрэзы яе вядучы і адзін зь арганізатараў старшыня Згуртавань­ня “Пагоня” і аўтар альманаху сп. Віталь Зайка даў кароткую інфармацыю пра аль­манах і падкрэсьліў, што гэта, бадай, адзі­нае вы­даньне, якое публікуе творы бела­рускіх пісьменьнікаў замежжа. Затым ён пера­даў слова сп. Марату Клакоцкаму,  і ён прапанаваў прысутным адразу зада­валі пытаньні па цікавячых тэмах, каб не было паўтарэньня. Адказваючы на пы­таньні, выступоўца сказаў, што “Бела­рус” высылаецца ў многія краіны сьве­ту, але дзеля таго, што зь Беларусьцю паш­товыя зносіны цяпер перарваныя, дык давядзецца перасылаць аказіяй, ваколь­нымі шляхамі. Альманах атрымліваюць асноўныя славістычныя цэнтры ЗША і сьвету. Сп. Пазьняк прапанаваў высы­лаць таксама ў беларускія асяродкі Поль­шчы, як Беларускі Дом і Маладзё­вы цэнтар, бо ў Польшчы знаходзіцца ця­пер ці не найвялікшая частка беларускай дыяспары. Наконт аўтараў прамоўца ад­казаў, што цяпер ужо аўтары зьвярта­юц­ца ў рэдакцыю, і ён друкуе амаль усіх, хіба за малым выключэньнем твораў зу­сім непрыдатных. Зразумела, што ўзро­вень твораў розны, але калі мэтай лічыць стымуляваньне беларускамоўнай твор­часьці ў замежжы, дык яна дасягаецца.

      Затым сп. Віталь Зайка даў агляд па­асобных твораў і аўтараў альманаху.

      Наступным выступіў аўтар альмана­ху сп. Віктар Едзіновіч. Ён пуб­лікуе свае творы ў альманаху ўжо другі раз і ска­заў, што ёсьць пляны на на­ступ­ныя вы­пускі. Аўтар коратка распавёў пра сваю творчасьць, сказаўшы, што “дадае беле­трыстыкі ў сухія факты з гісторыі Другой сусьветнай вайны” і згадаў свой аповед з жыцьця перадгістарычных людзей.

      Сп. Віталь Зайка, ужо ў функцыі аў­тара, а не вядучага, завёў гутарку пра міласэрнасьць, спагаду, прымірэньне, пра ўвагу да людзей у Беларусі, што па­куль не ўспрынялі беларускае і зьяўля­юцца часткаю “рускага міру”.

      Потым слова перайшло да Тацяны Заміроўскай. Сёлета яна апублікавала свой першы твор у альманаху, але на­агул Тацяна ўжо дасьведчаная пісьмень­ніца і літаратарка, хоць пісала яна па-ра­сейску. Тацяна – аўтар некалькіх  збор­нікаў апавяданьняў і раману. Яна пачала выступ, адзначыўшы, што ў яе была “та­тальная немата” дзеля вайны, якую Ра­сея распачала ва Ўкраіне, і падумала на­пісаць твор па-беларуску. Узялася за працу – і тады немата скончылася. На пытаньне, што яе натхняе, Тацяна адка­зала: “Я пачала пісаць у журналістыцы, як музычная журналістыка. Як пісьмень­ніца адпачатку друкавалася па-расейску, маю тры зборнікі апавяданьняў і раман. У нашай нацыянальнай ідэі павінна быць месца памяці і павазе да продкаў. Мова – гэта код, які застанецца, калі нашыя га­ласы зьнікнуць, калі мы перастанем існа­ваць. Беларускасьць – гэта такі архіў, тэкст і сьведчаньне, па якім адновіцца ўсё нашае існаваньне.

      Наступны прамоўцам-аўтарам аль­манаху быў сп. Зянон Пазьняк. Вы­ступ ён пачаў згадкаю пра Дзень Герояў 27 лі­стапада і Слуцкі Збройны Чын, ко­ратка спыніўшыся на ходзе драматыч­ных па­дзе­яў таго часу. Затым ён распа­вёў пра свае драматургічныя творы з новага нумару. Прамоўца спыніўся на сваёй літаратур­най твор­часьці, сказаў што піша прозу і вершы, найбольш падабаюцца трохрад­ковыя. Цяпер вось ўзяўся за біблійныя сюжэты, хоць яны цікавілі заўсёды. 

      Затым выступіла сп-ня Галіна Пазь­няк. Яна параўнала факты з гэбрайскай гісторыі ды нацыянальнага лёсу зь бела­рускімі. Нядаў­на яна прагледзела фільм “Піяніст” і па­зайздросьціла гэбраям, якія так цэняць сваіх людзей ды іхныя тален­ты. Сп-ня Пазьняк сказала, што брала ін­тэрвію ў выбітных беларусаў Гэніка Лой­кі, Аляк­сандра Хомчанкі, сустракалася зь вя­до­мымі грамадзкімі дзеячамі Міха­сём На­вумовічам з Парыжу, і Лёляй Міха­люк з Англіі. “Гэта людзі, якімі мы мусім цікавіцца і ганарыцца. Уражваюць  адда­нась­цю справе і ахвярнасьцю хлоп­цы, што цяпер падтрымліваюць каліноў­цаў – Андрусь Дандукоў, Віктар Дані­лаў, Ва­лер Мінец. І каб ведаць, якія ў нас цудоўныя людзі – варта пачытаць мае інтэр­вію зь імі”.  

      Потым са сваімі заўвагамі выступілі сп-ня Ганна Шарко і сп. Зьміцер Левіт. Сп-ня Натальля Федарэнка казала, што апавешчаньне й інфармацыі пра прэзэн­тацыю маглі б быць шырэйшымі.

      Пасьля афіцыйнай часткі перайшлі да нефармальнай. Прысутныя маглі на­быць асобнікі “Беларуса”, як новыя, так і за папярэднія гады, узяць аўтографы ў прысутных на імпрэзе аўтараў і пагу­та­рыць зь імі. Таксама можна было пад­трымаць зма­ганьне Ўкраіны супраць ра­сейскай агрэ­сіі, набыўшы вырабы, што прадаваліся ў садку ля Сабора, і дапа­магчы каліноў­цам, ахвяраваўшы грошы на баявы дрон.

 Віталь ЗАЙКА


 Адзначэньне 102-х угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну

      4 сьнежня 2022 г. у грамадзкай залі Сабору К. Тураўскага, адзначылі  102-я ўгодкаў Слуцкага Збройна­га Чыну і ўшанавалі памяць змагароў-случчакоў. Напачатку імпрэзы прысут­ныя ўшанавалі хвілінай цішы памяць вы­дат­нага дзеча беларускай грамады ў ЗША сп. Вітаўта Кіпеля, які адыйшоў у веч­насьць напярэдадні. Вядучая, сп-ня На­тальля Федарэнка, прывітала  прысутных і адзначыла важнасьць ушанаваньня ге­ройскага чыну і памяці случчакоў.

      Сп. Міхал Чаропка выступіў з да­кладам пра Слуцкі Збройны Чын, які быў самым масавым узбро­е­ным выступлень­нем супраць бальшавіз­му ў Беларусі. Ён падкрэсьліў, што гэта была фактычна спроба ўзброенай абароны незалежнась­ці Бела­русі ў лістападзе і сьнежні 1920 году.

      У сваім выступе кіраўнік руху “Воль­ная Беларусь” сп. Зянон Пазьняк закра­нуў лёсы кіраўнікоў БНР і Слуцкага Збройнага Чыну і нагадаў пра важнасьць захаваньня памяці пра случчакоў. Ён ад­значыў, што былы сьвятар БАПЦ Хве­дар Данілюк, чый партрэт знаходзіццца ў памешканьні Сабору, быў удзельнікам Чыну ў ранзе паручніка. Далей сп. Пазь­няк спыніўся на дзейнасьці нацыяналь­нага вызвольнага руху “Вольная Бела­русь”, на задачах, якія рух ставіць перад сабой. Найпершая – падтрымка змагань­ня Ўкраіны, бо калі стане вольнай Укра­іна, будзе вольнай і Беларусь. Сп.  Пазь­няк таксама паінфармаваў, што для пал­ка Каліноўскага рухам “Вольная Бела­русь” быў набыты мікрааўтобус і цяпер ідзе збор сродкаў на баявы дрон.

      Затым сп. Чаропка прадэман­стра­ваў урывак з фільму па матывах апо­весьці Васіля Быкава “На Чорных Ля­дах”, фак­тычна пра паразу Збройнага Чыну, дзе група ваяроў была аточаныя чырвонаар­мейцамі. Сп. Пазьняк пасьля выступіў, каб сказаць, што “гэта такая манэра В. Быкава, экзыстэнцыялізм, ён стаў ахвя­раю сваёй творчасьці, фільм задужа пэ­сымістычны, але насамрэч было ня так”. 

      Затым выступіў старшыня БАЗ “Па­гоня” сп. Віталь Зайка. Ён павіншаваў прысутных з ўгодкамі і выказаў журбу дзеля ўчора спачыўшага сп. Вітаўта Кі­пеля і сказаў, што самае галоўнае, пакі­нутае нам папярэднікамі, – памяць, веды пра тых, што ішлі перад намі. “І мы не самотныя, бо ведаем, што і да нас жылі й змагаліся людзі, якім была дарагая Бе­ларусь, і яны былі гатовыя аддаць свае жыцьці за яе, і тым людзям было значна цяжэй і складаней, чым нам. Будзем помніць пра змагароў-случчакоў, будзем помніць пра людзей з генэрацыі Вітаўта Кіпеля, з паваеннай іміграцыі – бо іхная справа цяпер перададзеная нам.”

      Сп-ня Федарэнка прачытала зварот  Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы.

      З успамінам пра а. Хведара Данілю­ка і паэта Алеся Змагара (Яцэ­віча), удзельнікаў Слуцкага Збройнага Чыну, якія пасьля вайны жылі ў Амэрыцы, вы­ступіў сп. Расьціслаў Гарошка.

      Пасьля афіцыяльнай часткі імпрэзы яе ўдзельнікі мелі нагоду калегавацца з сябрамі і знаёмымі пры пачастунках.

Віталь ЗАЙКА