Мы, прадстаўнікі беларускай дыяспары ў ЗША, прызнаючы наяўнасьць акупацыйнага рэжыму на тэрыторыі Беларусі й ўсьведамляючы адказнасьць за катастрафічныя наступствы расейскай ваеннай агрэсыі ва Ўкраіне, зьвяртаемся да суродзічаў, якія засталіся на радзіме.
Прымаючы да ўвагі той факт, што на сёньняшні момант Расейская Фэдэрацыя дэ юрэ й дэ факта зьяўляецца дзяржавай-тэрарыстам і нясе пагрозу ня толькі сваім бліжэйшым суседзям, але й ўсяму цывілізаванаму сьвету, мы абсалютна перакананыя ў тым, што беларускія грамадзяне не павінныя заставацца ў баку ад таго, што адбываецца, і мусяць любымі дасяжнымі сродкамі дамагацца наступнага:
- тэрміновага й неадкладнага вываду расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі;
- скасаваньня дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ), якая дазваляе Расеі выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для ваеннай агрэсіі;
- ануляваньня незаконнай дамовы аб стварэньні так званай Саюзнай дзяржавы з Расейскай Фэдэрацыяй;
- выйсьця з Мытнага зьвязу й іншых хаўрусаў, створаных нелегітымнай уладай з мэтай паступовага паглынаньня нашай краіны ўсходнім суседам;
- увядзеньня пашпартнага кантролю на мяжы з РФ.
Беларусь павінна вярнуцца ў Эўропу, а не заставацца ў ганебных хаўрусах з дзяржавай-агрэсарам! Гэта будзе магчымым пасьля вырашэньня першачарговай задачы – ліквідацыі антыбеларускага па сваёй сутнасьці рэжыму Лукашэнкі. І за гэта неабходна штодзённа змагацца.
Жыве Беларусь!