E-KRAMA.COM - нашая старонка ў Нью-Ёрку

Электронная крама <> Бюлетэнь "Весткі й Паведамленьні" <> Альманах "Беларус" <> Архіў газэты "Беларус"
Галоўная Навіны Абвесткі Крама "Весткі й Паведамленьні" "Рубікон" Альманах "Беларус" Архіў газэты "Беларус" Кантакты Member Login

 


№ 12 (706) за сьнежань 2024 г.


 Перамога Рэспубліканскай Партыі - ці стане яна перамогай цэлай Амэрыкі 

      5 лістапада 2024 году амэрыканскія выбарцы аддалі свае галаcы за канды­да­та на прэзыдэнта ЗША, былога прэзы­дэнта Дональда Трампа. Гэта былі трэція выбары Трампа, і другія, у якіх ён пе­ра­мог. У адрозьненьне ад выбараў 2016 го­ду, а тым больш году 2020-га, дасяг­ну­тая Трампам і рэспубліканцамі пе­рамога на выбарах ужо не ста­віцца пад сумлеў. А вось падзеі вакол выбараў 2020 году ста­лі адной з най­змрочных зьяваў у най­ноў­шай гісторыі Амэрыкі. З аднаго бо­ку, дэм­партыя, сродкі ма­савай інфармацыі, палі­тыч­ныя агля­дальнікі й аналітыкі, аду­ка­цыйныя і забаўлялныя эліты ўсхва­лялі перамогу віцэ-прэ­зыдэнта Байдэна і пра­во­дзі­лі наймаштаб­ную кампанію дэ­зын­фармацыі, ма­ніпуляцыяў і “гаслай­тын­гу”.

      Абгрунтаваныя, дакумэн­таль­на за­фіксаваныя выпадкі фальсы­фі­кацыяў пад­час выба­раў, пару­шэнь­ні справядлі­васьці, празрыстасьці й дэма­кра­тыч­нась­ці выбараў былі абвеш­чаныя “тэорыямі змовы”, “выдумкамі трампіс­таў”, “спро­бамі рэспубліканцаў захапіць уладу”. Між тым набраўся цэлы корпус сьвед­чаньняў аб парушэньнях падчас выбараў: адмовы назіральнікам прысут­нічаць пры падліку бюлетэняў, шмат­крот­ныя пра­пусканьні бюлетэняў праз падліковыя машыны, падлік паш­то­вых бюлетэняў са штампамі пазьнейшай да­ты і без штам­паў наагул, памылкі ма­шы­наў для гала­саваньня фірмаў Dominion Voting Sys­tems і Smartmatic, калі дзя­сяткі тысяч(!) галасоў за Трампа зано­сіліся пры падлі­ку як пададзеныя за Байдэна, а пасьля пратэстаў назіраль­нікаў былі перакіну­тыя назад, маўляў, “проста памылачка выйшла”.

      Палаты прадстаўнікоў Джорджыі  https://www.youtube.com/watch?v=NVLeI-zEmEQ і Пэнсыльваніі https:// www.c-span.org/video/?478422-1/ pennsylvania-republican-hearing-2020-election  на сваіх слуханьнях адносна вы­бараў 2020 году праслухалі мноства сьведкаў, аналітыкаў, экспэртаў па вы­барах і тэхналёгіях падліку галасоў. На­родныя прадстаўнікі ў тых штатах пры­йшлі да высновы, што адбываліся маса­выя парушэньні. Пра гэта, дарэчы, ужо амаль няма інфармацыі ў сеціве, і не пра­чытаеш у Вікіпэдыі, што стала новым фарпостам лявацкай ідэалёгіі. Але прад­стаўнікі выбарчых камісіяў ды іншыя бю­ракраты самаўпэўнена заяўлялі, на­ват пасьля прызнаных памылак у падлі­ку некалькіх тысяч галасоў (гэта тое, што было “злоўлена”) – “не маглі па­ўплы­ваць на вынікі выбараў!” І гэта пры тым, што ў трох “хісткіх” штатах, Ары­зо­не, Пэнсыльваніі й Джорджыі, што вы­ра­шылі лёс выбараў, перавага Байдэна склала каля 40 тысяч галасоў, што цал­кам рэальна сфальсыфікаваць і адпавед­на аформіць.

      Пазьней, калі прадстаўнікі Рэспуб­ліканскай партыі падалі зыскі на пару­шэньні падчас выбараў, амаль усе зыскі былі беспадстаўна адкінутыя. Гэта зна­чыць, судзьдзі прагледзелі гадзіны відэа­запісаў, сотні й тысячы пісьмовых сьвед­чаньняў канкрэтных людзей, грамадзя­наў-назіральнікаў, грамадзянаў-выбар­шчыкаў і, вокам не міргнуўшы, выкінулі, як сьмецьце, тыя сьведчаньні, дзе людзі пад прысягай былі гатовыя адстойваць, рэалізуючы сваё права на дэмакра­тыч­ныя, справядлівыя і празрыстыя выбары. Напрошваецца пытаньне, ці прагляда­лі­ся наагул тыя сьведчаньні, ці не былі яны апрыёры занесеныя ў катэгорыю не­прыймальных.

      У кожным разе, тая самапэўнасьць левакоў і Дэмпартыі, што ўсчалі кам­па­нію дыскрэдытацыі сьведчаньняў пра па­рушэньні на выбарах, маўляў гэта інсіну­ацыі, прыдумкі “скрайне-правых”, “пра­ект Бэнана і Qanon” – выклікалі ў адказ контрэакцыю, якая скончылася падзеямі 6 студзеня 2021 году, калі на вачах усёй краіны, у наўпростым этэры некалькі со­цень чалавек “правальсіравалі” ў буды­нак Капітолію, патуляліся там без ві­да­вочнай мэты й якіх-кольвечы арганіза­ваных дзеяньняў, пахадзілі па габінэтах недалёка ад залі, дзе адбывалася пасе­джаньне па зацьверджаньні вынікаў, страцілі адну жанчыну застрэленай і па­кінулі будынак. Усё гэта нагадвала за­гадзя падрыхтаваную пастку – і брак сур’ёзных спробаў стрымаць пранік­нень­не “турыстаў” у будынак, і разгубленая бязмэтавасьць тых людзей, што не ча­ка­лі такога лёгка дасягнутага выніку, і га­лоўнае – быў арганізаваны мэтадычны накат валу абвінавачаньняў у “дзяржаў­ным перакуле”, “спробе захопу ўлады”, “злачыннай акцыі Трампа”. Усе наступ­ныя дзеяньні кіраў­ніцтва Дэм­партыі й кіруючых элітаў Амэ­рыкі, і новыя інфар­мацыі – як адмова сьпікершы Н. Пэлозі ўзмоцніць ахову Капітолія і далучыць да аховы Нацгвар­дыю – толькі ўзмоц­ні­лі думкі пра справакаванасьць падзеяў 6 студзеня 2021 году.

      Усё гэта яшчэ больш за­маца­вала па­дзел грамадзтва, што існа­ваў і раней, але ня быў такі вы­раз­ны, такі зацяты, такі бескампра­міс­ны. І ня быў так ідэалягічна абгрун­таваны. І вось да ўлады ў краіне зноў прыйшоў ча­лавек, якога яшчэ 4 га­ды таму назы­валі “аран­жавы фюрар”, “мізагініст”, “расіст”, “ан­тысэміт”. Ця­пер яго ўжо не жур­на­лісты, а супернікі па выбарах на­звалі “фа­шыстам”, “ама­та­рам Гіт­лера” і “новым Гітлерам”. 

      Краіна застаецца падзеленай роўна палова на палову. Што чакаць ад на­ступ­ных чатырох год прэзыдэнтцва Трампа? Ве­даючы неўраўнаважаную і нецярплі­вую сутнасьць характару Дональда Трампа, ягоную абмежаванасьць і эга­тызм, за­стаецца спадзявацца толькі на ўраўна­важанасьць, цярплівасьць і кам­пэтэнт­насьць дарадцаў і сябраў ягонай адміні­страцыі. Але гэта таксама стаіць пад пы­таньнем, бо выглядае, што ўсе намінан­ты на асноўныя пазыцыі ў адмі­ністрацыі гэта тыя людзі, каго Трамп пабачыў у тэлевізіі!

      З другога боку, зацятасьць і адвага Трампа, наўпросты і адкрыты падыход да праблемаў, “тытанічнасьць” і харызма ягонай асобы даюць шанец пераламаць тэндэнцыю разьвіцьця грамадзтва па за­думах леварадыкалаў – убок падвы­шэньня ролі дзяржавы, залежнасьці ад яе і абмежаваньня самастойнасьці інды­віда. Трамп настаўлены стымуляваць рэіндустрыялізацыю Амэрыкі, дасягнуць энэргетычнай незалежнасьці, мінімі­за­ваць рэгуляваньне і кантраляваньне эка­номікі, адкінуць адыёзныя пастуляты “кліматычных ваяроў”, на якія выкіда­юцца мільярды народных грошай. Трам­пу-45 удалося дасягнуць паніжэньня інфляцыі, падвышаньня ўзроўню пра­цоў­най занятасьці і ўзроўню прыбыткаў пра­цуючых. Ёсьць падставы спадзя­вац­ца, што гэта зможа зрабіць і Трамп-47. За­дача досыць цяжкая – палітычныя і гра­мадзкія апанэнты будуць хапаць за ногі на кожным кроку, можна ўявіць, што кожны супрацоўнік адміністрацыі мала­дзей за 50 год – натуральна ёсьць па­тэнцыйным “падпольшчыкам” і “зма­га­ром супраць аранжавай тыра­ніі”, пра­ма­рынаваўшыся ў сучаснай сыс­тэме вы­шэй­­шай (лявацкай – а іншай няма) аду­кацыі.

      Нажаль, па абодва бакі сёнешняга палітыч­нага пазелу назіраецца ўза­емнае не­прыняць­це, няздольнасьць і неахвота да дыя­лёгу, а часам проста лютая ня­навісьць да сваіх су­айчынь­нікаў з іншымі палітычнымі по­гля­да­мі. Нажаль, ча­сам прадказаньні сяго-таго з аналі­ты­каў і камэнтатараў пра непазь­беж­насьць но­вай грамадзян­скай вайны ў ЗША вы­гля­даюць даволі падоб­нымі на праўду. Такі кан­флікт стаў бы най­вя­лік­шай трагедыя ня толькі для Амэ­рыкі, але і для ўсяго сьве­ту, вы­клі­каў бы ланцу­го­вую рэакцыю па ўсёй пля­нэце і найве­рагодней адкі­нуў бы яе на тысячу годоў назад, у “цём­ныя ста­годзь­дзі”.

      Найбольшыя засьцярогі для аў­тара гэтых радкоў выклікае зьнешняя паліты­ка Дональда Трампа, а дакладней – ад­но­сіны з Пуцінам і абыякавасьць да лёсу Ўкраіны. Хочацца спадзявацца, што гэта проста непрадуманая часовая пазыцыя, якую ў бліжэйшыя дні й тыдні выпра­вяць кампэтэнтныя дарадцы і экспэрты ў новай адміністрацыі. На лёс Украіны за­вязаная будучыня нашай Бацькаў­шчы­ны-Беларусі, а таксама ўся­го ўсходне­эў­ра­пейскага рэгіёну. Менаві­та цяпер аслаб­леная, пера­на­пружа­ная Расея, рэжым якой за брытву хопіцца, каб застацца пры ўладзе – стала б для здольнага палі­тыка-прарока калібру Чэрчыля ці Біс­мар­­ка мажлі­вась­цю дабіц­ца справядлівага міру са спы­неньнем братазабойчай вай­ны і захавань­нем тэры­тарыяльнай цэ­лась­­ці Ўкраіны. Нажаль, спадзявацца на тое, што такім паліты­кам-прарокам будзе Дональд Трамп, пад­ставаў дужа мала, хоць і не сказаць, што зусім няма.

      Абедзьве паловы краіны шмат што падзяляе. Але таго, што лу­чыць – зна­чна болей, і менавіта на гэтым му­сіць за­ся­родзіцца як новая прэзы­дэнц­кая адміні­страцыя, так і грамадзтва ў цэ­лым. Толькі кам­прамісы і арыента­цыя на вы­шэйшыя за палітыку прын­цыпы мусяць быць мэтадамі апэра­ваньня абедзьвух палітычных парты­яў, усіх палітыч­ных і грамадзкіх сілаў. Гэта вы­глядае казкай, але чалавеку нату­раль­на хочацца ве­рыць у лепшае. Што ж датычыць нас, беларусаў у Амэ­рыцы і на Бацькаў­шчы­не, тут асаб­лівых зьме­наў няма, канса­ліда­цыя, імкненьне да каардынацыі й яднаньня застаюцца га­лоўнымі пунк­тамі на па­радку дня. Ад­мі­ні­страцыя Трампа будзе зацікаўленая ў Беларусі яшчэ менш, чым адыхо­дзячая адміні­страцыя, таму спадзявацца можна толькі на сябе, на свае уласныя сілы. Калі паверым у сябе, тады і змо­жам, і пераможам.

Віталь ЗАЙКА