№ 12 (706) за сьнежань 2024 г.
Беларусь - Амэрыка: лёсы землякоў
Франціш Бартуль - грамадзкі дзеяч і мэцэнат
Франціш Бартуль, беларускі грамадзкі дзеяч, прадпрыймальнік і мэцэнат у ЗША і Вялікай Брытаніі, нарадзіўся ў вёсцы Барозкі Прыдруйскай воласьці 15 лістапада 1918 году. Тое мястэчка ён называў Прыдруйка, не “Прыдруйск” (Piedruja). Гэтыя мясьціны знаходзяцца на этнічна беларускіх землях, беларускіх Інфлянтах (Латгаліі), якія пасьля 1918 году адыйшлі да Латвіі. Франціш паходзіў зь беднай сялянскай сям’і, бацька працаваў парабкам, у сям’і было 6 дзяцей – 5 братоў і сястра. Старэйшы брат Вінцэнт (Валянтын) вучыўся ў Вільні. Франціш паважаў брата і роўніўся на яго. Настаўнікам у Прыдруйскай школе быў паэт і грамадзкі дзеяч Эдвард Вайвадзіш, ён прышчапіў вучням беларускую сьведамасьць і разуменьне справаў беларускіх. Пасьля, ужо ў нядаўні час, Ф. Бартуль фундаваў выданьне перашай кнігі Э. Вайвадзіша. Далёкі сваяк яго, Аўген Бартуль, быў вядомым паэтам у Заходняй Беларусі.
Затым Франціш паступіў у Дзьвінскую беларускую гімназію. Пазьней, калі пачаўся наступ на нелатыскія структуры, Франціш узяўся працаваць, ганяў плыты па Дзьвіне. Затым ён паехаў на заробкі ў Нямеччыну, працаваў на карабельным заводзе, там пашкодзіў сьпіну і мусіў вярнуцца да бацькоў. Франціш добра ведаў нямецкую і расейскую мовы акрамя беларускай і латыскай, таму, калі прыйшлі Саветы, яго прызначылі працаваць перакладчыкам у НКВД. Ён па магчымасьці выкідаў і зьмяняў даносы, што траплялі яму ў рукі. Дарэчы, ён успамінаў, што меў добры гарнітур, што набыў у Нямеччыне, і гэта была цікавостка для энкавэдыстаў, што пыталіся: “А Вы дзіствіцельна сын батрака?” Але дзеля таго што ён ведаў мовы і быў каштоўным кадрам, далей гэтага не пайшло. Калі ў 1941 годзе Саветы ўцякалі, Францішу не хапіла месца, каб эвакуявацца, і яго пакінулі, па ягоных словах, з сапсутым пісталетам “бараніць Родзіну”.
Як прыйшлі немцы, пад уплывам брата, Ф. Бартуль перабраўся ў Вільню і паступіў на настаўніцкія курсы. Потым ён пайшоў на афіцэрскія курсы і, як знаўца моваў, стаў перакладчыкам у Ф. Кушаля. Пасьля працаваў у Беларускім Камітэце ў Кёнігсбэргу, выдаваў дакумэнты беларускім уцекачам. Затым Ф. Бартуль апынуўся ў польскім войску, у корпусе Андэрса. Пасьля капітуляцыі Нямеччыны ў 1945 годзе з дапамогай біскупа Баляслава Слоскана, папскага візытатара для беларусаў-каталікоў, Ф. Бартуль паступіў на філязофскі факультэт Мюнхэнскага каталіцкага ўнівэрсытэту, адкуль неўзабаве перайшоў у Грыгарыянскі ўнівэрсытэт у Рыме, дзе вывучаў філязофію. Празь нейкі час ён пераехаў у Брытанію, там паступіў вучыцца на зубнога тэхніка, вывучаў дантыстычную тэхналёгію вырабу пратэзаў і адкрыў свой бізнэс. Ён ажаніўся зь беларускай актывісткай Верай Касьцюкевіч, браў актыўны ўдзел у працы Згуртаваньня Беларусаў Вялікай Брытаніі (ЗБВБ), у 1949-50 гг. быў старшынём гэтай арганізацыі. Таксама дапамагаў беларускай грэка-каталіцай місіі ў Лёндане, якую тады ўзначальваў кс. Чэслаў Сіповіч, які пасьля стаў біскупам. Вакол місіі разгарнулася беларуская культурніцкая справа, было створанае Англа-Беларускае Таварыства, і Франціш Бартуль шмат дапамагаў грашова ў культурніцкіх і грамадзкіх справах беларускай грамады ў Брытаніі. Адным з прыкладаў можа быць фундаваньне ім набыцьця рэдкага друкаванага выданьня Статуту Вялікага Княства Літоўскага. Пазьней на падставе кніжнай і архіўнай калекцыі пры беларускай грэка-каталіцай місіі паўстала Беларуская бібліятэка і музэй імя Францішка Скарыны (1971 г.).
У 1956 годзе Франціш Бартуль зь сям’ёй пераехаў у Амэрыку. Асеўшы ў Нью-Ёрку, ён атрымаў адпаведныя ліцэнзіі і адкрыў дантыстычны бізнэс па вырабу зубных пратэзаў. Ад самага прыезду Ф. Бартуль браў актыўны ўдзел у беларускім грамадзкім жыцьці, у дзейнасьці Рады БНР, Беларуска-Амрыканскага Задзіночаньня (БАЗА). Ахвяраваў значныя ўласныя сродкі на падтрымку беларускіх арганізацыяў і праектаў, у тым ліку на выдавецкую дзейнасьць Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва (БАНіМ) і выданьне газэты “Беларус”. Франціш Бартуль быў прэзыдэнтам беларускай дабрачыннай арганізацыі – Фундацыі імя Крэчаўскага. Ён актыўна дапамагаў новай хвалі беларускіх імігрантаў у 1990-я і 2000-я гады.
Акрамя шчодрай падтрымкі беларускіх культурніцкіх праектаў і беларускай выдавецкай справы, Франціш Бартуль аказваў значную фінансавую дапамогу Народнаму пісьменьніку Беларусі Васілю Быкаву, калі той быў змушаны выехаць зь Беларусі ў канцы 1990-х гадоў. У доме Ф. Бартуля часта рабіліся прыняцьці з удзелам беларусіх дыгнітароў з новапаўсталай Рэспублікі Беларусь, у тым ліку міністра замежных справаў Пятра Краўчанкі, прадстаўніка ў ААН Генадзя Бураўкіна, кіраўніка БНФ Зянона Пазьняка ды шэрагу іншых асобаў. Ф. Бартуль, жывучы з Злучаных Штатах, працягваў трымаць сувязь зь беларускай грамадой у Вялікабрытаніі, падтрымліваў Беларускую Грэка-Каталіцкую царкву і біскупаў Б. Слосканса, Ч. Сіповіча, і а. А. Надсана. У памешканьні Фундацыі імя Крэчаўскага жылі зь ягонага дазволу новапрыбылыя маладыя беларусы, адбываліся сходы Нью-Ёркага аддзелу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА). Франціш Бартуль заўсёды адгукаўся на просьбы аб дапамозе, быў шчырым і адкрытым чалавекам, заўсёды таварыскім і прыязным, з добрым пачуцьцём гумару.
Памёр Франціш Бартуль 4 сьнежня 2005 году і быў пахаваны на беларускіх могілках у горадзе Іст-Брансўік, штат Нью-Джэрзі.
Віталь ЗАЙКА