№ 12 (694) за сьнежань 2023 г.
Беларусь - Амэрыка: лёсы землякоў
Вацлаў Пануцэвіч - гісторык, палітычны і рэлігійны дзеяч
Вацлаў Пануцэвіч, гісторык і дзеяч заходнебеларускага нацыянальнага руху, а пазьней актывіст беларускай грамады ў Амэрыцы, нарадзіўся ў вёсцы Малая Альшанка каля Горадні (паводле іншых звестак – у в. Гожа каля Горадні) у канцы 1910 або напачатку 1911 г. Ён выступаў у друку пад псэўдонімамі й крыптонімамі Мікола Волаціч, Volacic Mikola, Volacic M.; В. П. Сапраўднае ягонае празьвішча да 1945 году было Папуцэвіч.
Ён паходзіў з сям’і беларусаў-каталікоў. Вучыўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай сэмінарыі. Быў выключаны зь ліку клірыкаў за беларускую дзейнасць. З 1936 году ён вучыўся на юрыдычным факультэце Ўнівэрсытэта Стэфана Баторыя ў Вільні.
В. Пануцэвіч браў удзел у працы “Акадэміцкага кола сяброў Беларусаведы” (1936—1939). Адзін з арганізатараў “Руху маладых адраджэнцаў”. З 1935 г. сябар БХД. Са сьнежня 1935 г. Пануцэвіч быў сябрам рэдкалегіі “Студэнцкай Трыбуны”, маладзёвага дадатку да газэты БХД “Беларуская Крыніца”. Ён таксама быў рэдактарам часапісу “25 Сакавіка” (лістапад 1936 – сакавік 1938). Зь лютага 1936 г. ён быў сакратаром Віленскага аддзелу Беларускага Інстытуту Гаспадаркі і Культуры (БІГіК).
Пасьля расколу БХД у 1936 г. належаў да “Беларускага фронту” ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага. Браў удзел у выданьні газэты “Беларускі Фронт”. Перасьледваўся польскімі ўладамі, і за надрукаваны рэдакцыйны артыкул “Залежнасьць ці незалежнасьць” у № 3 “Беларускага Фронту” за 30 жніўня 1938 г. быў асуджаны на год турмы ўмоўна.
Напачатку Другой сусьветнай вайны ў верасьні 1939 году ён быў мабілізаваны ў 81-ы стралковы полк, які фармаваўся ў Горадні. 22 верасьня 1939 году, як Саветы занялі Горадню, трапіў у палон, але неўзабаве быў вызвалены й жыў у Горадні.
Падчас нямецкай акупацыі В. Пануцэвіч браў удзел у беларускім нацыянальным руху і кантактаваў з кс. Вінцэнтам Гадлеўскім у справе стварэньня й дзейнасьці Беларускай Нацыянальнай партыі (БНП). Разам з Язэпам Малецкім ён сустракаўся з гродзенскім япіскапам Антоніем у справе беларусізацыі праваслаўнай царквы і арганізацыі ў Горадні беларускай праваслаўнай сэмінарыі. Паводле Я. Малецкага, кандыдатура Пануцэвіча разглядалася мясцовымі нямецкімі ўладамі на пасаду бургамістра Горадні. У сярэдзіне лістапада 1941 году В. Пануцэвіч пераехаў у Баранавічы і да чэрвеня 1944 году працаваў у адміністрацыі акругі Баранавічы.
У ліпені 1944 году выехаў у Нямеччыну. Там жыў у лягерах ДП, дзе займаўся арганізацыяй скаўтынгу. У канцы 1949 годзе Пануцэвіч пераехаў у ЗША і пасяліўся ў Чыкага. Ён адразу далучыўся да актыўнага ўдзелу ў грамадзкім і культурніцкім руху беларусаў Чыкага й штату Іліной.
В. Пануцэвіч узначальваў Задзіночаньне Беларускіх Скаўтаў на Чужыне. Ён быў кіраўніком скаўцкай дружыны “Арлы” ў Чыкага. У 1950 годзе ён стаў сакратаром Беларуска-Амэрыканскай Нацыянальнай Рады, а з траўня 1950 году – віцэ-старшынём Беларуска-Амэрыканскага Каталіцкага Таварыства. Згодна словаў Вітаўта Кіпеля, належыў да групы дзеячоў, што імкнуўся арганізаваць беларускі каталіцкі рух у ЗША.
У пачатку 1960-х гадоў В. Пануцэвіч заснаваў выдавецтва “Беларуская выдавецкая сябрына”. Ён выдаваў рэлігійна-гістарычныя часопісы: “Беларуская царква” (публікаваўся кірыліцай), “Літва” (публікаваўся лацінкай).
В. Пануцэвіч быў жанаты з дачкою выбітнага беларускага дзеяча Эдварда Будзькі Ірэнай.
В. Пануцэвіч пакінуў па сабе надзвычай багатую творчую спадчыну. Ён апрацоўваў і выдаваў казкі, чытанкі, пераклаў на беларускую мову “Падарожжа Гулівера ў краіну Волатаў” Дж. Сўыфта, напісаў некалькі працаў па беларускім скаўтынгу. Асноўнай сфэрай ягоных зацікаўленьняў была гісторыя Беларусі. Сярод ягоных твораў такія публікацыі, як “Крывіцкая этнаграфічная прастора”, “З гісторыі вышэйшых школ у Беларусі. 1. Віленская акадэмія”, “Пачаткі хрысьціянства на нашых землях”, “Плян Агінскага 1811 г.”, “Сьв. Афрасіньня Полацкая”, “З гісторыі Беларусі альбо Крывіччыны-Літвы”, “Вінцэсь Гадлеўскі…”, “Літва і Беларусь”, “Берасьцейская вунія”, “Сьвяты Язафат Кунцэвіч”, “Паўстаньне 1863 на Беларусі” ды інш. Большасьць ягоных кнігаў выйшла невялікім накладам, сталі рарытэтамі і вымагаюць перавыданьня.
Частка твораў В. Пануцэіча была перавыдадзеная ў Беларусі. У 1993 г. у часапісе “Спадчына” у скарочаным выглядзе друкавалася ягоная праца “Вінцэсь Гадлеўскі – дзяржаўны муж і правадыр народу”. Вуніяцкае выдавецтва ў Полацку перадрукавала ў 2000 годзе ягоную працу “Сьвяты Язафат, архіяпіскап Полацкі”. Былі таксама перавыдадзеныя ягоныя творы з гісторыі царквы: “Сьв. Афрасіньня Полацкая”, “Берасьцейская вунія”, а таксама раней не друкаваны рукапіс “Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква”.
Памёр Вацлаў Пануцэвіч 25 жніўня 1991 году ў Чыкага, пахаваны на могілках Сьв. Адальбэрта ў Найлсе каля Чыкага.
Дзейнасьць і творчасьць Вацлава Пануцэвіча яшчэ чакаюць на грунтоўны досьлед.
Віталь ЗАЙКА