№ 10 (704) за кастрычнік 2024 г.
Музэі сьпішуць у архіў?
Мы жывем у цікавы час. Сярод кардынальных зьменаў, праз якія бадай што незаўважна для большасьці насельніцтва праходзіць грамадзтва ў краінах Вольнага Сьвету, можна назваць пашырэньне “дабрабыту празь дзяржаву” (welfare state), радыкальны перагляд “буржуазных” нормаў, датычных сям’і й міжполавых стасункаў. Замест сацыяльнага інтэграваньня ўсіх этнічных і расавых групаў ўводзіцца новая партыкулярызацыя і новая гіерархія, у якой большасьць грамадзтва аб’яўляецца маргіналамі, за кошт якіх плянуецца выбудоўваць сьветлую будучыню для разнастайных меншыняў, фаварызаваных прагрэсіўнымі элітамі.
Пад зьмены трапіла літаральна кожная дзялянка грамадзкага жыцьця і кожная грамадзкая інстытуцыя. Ад канцэптаў панаваньня законаў і абароны сувэрэнітэту да канцэптаў аб’ектыўнасьці досьледаў гісторыі й бесстароннасьці журналісцкай працы – усё падлягае цяпер зьменам, стаўляецца дагары нагамі. Гэта адбываецца ціха, паволі, бяз масавых абмеркаваньняў і народных рэфэрэндумаў. У падступным працэсе перагляду і перайначваньня абсалютна ўсіх каштоўнасьцяў грамадзтва актыўна ўжываюцца патэтычныя заклікі, гнеўныя абвінавачваньні, замоўчваньні, утойваньні, паўпраўда, інсінуацыі.
Сярод інстытуцыяў, што падпалі пад гэты накат кардынальных зьменаў, апынуліся такія, здавалася б, далёкія ад палітыкі й “злобы дня” ўстановы як музэі. Месцы захаваньня і экспанаваньня набыткаў культуры і навукі не пазьбеглі радыкальнай трансфармацыі, а шмат якія – нават былі зьліквідаваныя.
У сьвятле лявацкіх тэорыяў пра каляніялізм усе этнаграфічныя музэі й экспазіцыі аўтаматычна трапляюць у катэгорыю “нячыстых”. Аргуманты – ад “эксплюатацыі”, “нездаровай аб’ектыфікацыі” прадстаўнікоў калянізуемага этнасу і яго культуры, да таго, што любы спосаб атрыманьня адпаведных экспанатаў ня можа быць прызнаны законным, бо тубыльцы нібыта ня ў стане зразумець, што гэта – страта культурных багацьцяў, не арыентуюцца ў коштах і г. д. Дадатковай аргумэнтацыяй зьяўляецца наяўнасьць сярод экспанатаў чалавечых парэшткаў, пахавальных і сакральных начыньняў. Тут хіба больш глузду, але ўсе роўна рашэньні выносяцца вузкім колам адміністратараў, без шырокай дыскусіі й абмеркаваньня. Затое ўсё гучней галасы “абурэньня” тым, што ў музэях недастаткова твораў расавых і LGBTQIA+ мяншыняў.
Таксама далучацца і дзяржава – у ЗША быў прыняты заканадаўчы акт пра абарону і вяртаньне пахаваньняў індзейцаў (Native American Graves Protection and Repatriation Act, NAGPRA). Але як пры гэтым ня ўспомніць словы Рональда Рэйгана пра страх ад таго, калі дзяржава вырашае ўмяшацца і дапамагчы. Дзеля шчыраваньня прагрэсістаў і бюракратаў апошнім часам зачыніліся Музэй Чалавецтва і Этнаграфічны Музэй Гантэра ў Лёндане. Музэй Чалавека ў Парыжы, закрыліся экспазыцыі ў Музэях Піт Рывэрса ў Оксфардзе, у Бэрлінскім Этнаграфічным Музэі. У ЗША ахвярамі новых рэгуляцыяў сталі экспазыцыі пра індзейцаў у Амэрыканскім Музэі Прыродазнаўства (AMNH) у Нью-Ёрку, у Музэі Фільд у Чыкага, Музэі Пібады пры Гарвардзе, Музэі Мастацтва ў Кліўлэндзе ды ў шэрагу іншых.
Асобна стаіць пытаньне “рэпатрыяцыі” экспанатаў. Канешне, шмат хто чуў пра патрабаваньні Грэцыі аб вяртаньні Мармуроў Эльджына – рэльефаў з Акропалю ў Атэнах, вывезеных у Англію напачатку 19 ст., або пра патрабаваньні Эгіпту пра вяртаньне муміяў і саркафагаў з музэяў сьвету, Нігерыі – пра вяртаньне Бенінскіх бронзавых скульптураў. Музэй Штату Нью-Ёрк у Олбані ўжо зьвярнуў розным індзейскім “нацыям” каля 30% сваіх індзейскіх экспазыцыяў, шэраг экспанатаў быў перададзены прадстаўнікам плямёнаў з Амэрыканскага Музэю Прыродазнаўства ў Нью-Ёрку. Экспанаты называюць “скрадзенымі”, нават калі ў большасьці задакумэнтавана законнае набыцьцё або данацыя аб’ектаў, а доказаў крадзяжу не прыводзіцца. Плямёны нават робяцца музэйшчыкамі – так, Музэй Паўночнай Арызоны ў Флагстафу пастанавіў, што ўсе экспанаты для іх мусяць быць абраныя прадстаўнікамі плямёнаў. Рэгуляцыі тычацца нават мастацкіх твораў сучасных індзейцаў, што іхнае экспанаваньне мусіць быць узгодненае з кіраўніцтвам плямёнаў.
Выказваньні на гэты конт дырэктара Амэрыканскага Музэю Прыродазнаўства (АМНГ) пра тое, што музэі ня могуць заставацца нязьменнымі, трымаць тыя самыя рэчы і ня ўлічваць “павевы часу” нагадваюць тэмы з раману Дж. Орўэла “1984”. Падаецца, што найістотная функцыя музэяў акурат і ёсьць – захаванне, абароненасьць ад “павеваў”.
Ужо чуюцца галасы пра перадачу сакральнага мастацтва ў тыя месцы, адкуль яны былі ўзятыя: іконы й выявы Раньняга Адраджэньня з Луўру і Галерэі Ўфіцы – у касьцёлы Флярэнцыі, драўляныя ідалы (да іх могуць дакранацца толькі жрацы!) племю зуні з Музэю Ке-Бранлі ў Парыжы – у рэзыдэнцыю ў Нью-Мэксыка, ды інш.
Як пасьля дабрацца да тых экспанатаў? Колькі школьных экскурсіяў змогуць іх наведаць? Ці будуць у касьцёлаў і плямёнаў сродкі й спэцыялісты для адпаведнага захаваньня і кансэрвацыі тых аб’ектаў? Ці ня трапяць зьвернутыя Бенінскія бронзы ў калекцыі нігерыйскіх алігархаў? Ці адшукаюцца наагул тыя экспанаты празь 10-20 год? Такія пытаньні нават і ня ставяцца, бо ходзіць жа пра “сацыяльную/ расавую/ гістарычную справядлівасьць”. У выніку церпіць канешне ж не адміністратар, не бюракрат. Церпіць школьнік, студэнт, звычайны наведвальнік, усе мы як жыхары гэтае плянэты.
Што ў рэшце рэшт атрымліваецца — пад пытаньне трапляе сам канцэпту музэю з Эпохі Асьветы, канцэпт захаваньня для будучыні тых аб’ектаў, якія па вызначэньні зьяўляюцца рэдкімі й паходзяць з далёкіх і/або этнічна адрозных мясьцінаў, бо хто ж (пакуль) будзе зьмяшчаць у музэй звычайныя і агульна распаўсюджаныя рэчы. Яны даюць нам уяўленьне пра дасягненьні людзей, зь якімі мы незнаёмыя і пра якіх мала ведаем – і праз гэта яны робяць нас больш уважлівымі й паважлівымі да іншых культураў, больш адкрытымі й талерантнымі, больш чалавечнымі.
Як і чаму гэта стала камусьці перашкаджаць – задумаемся пра гэта.
Віталь ЗАЙКА